Вы тут

Ціханоўская звярнулася да Зяленскага і ўрада Украіны

Святлана Ціханоўская / Фота з сацсетак

Святлана Ціханоўская звярнулася да Уладзіміра Зяленскага і ўрада Украіны. "Час захоўваць адзінства насуперак агрэсару", — кажа беларускі палітык. У сваім звароце Ціханоўская згадала "расійскія ракеты", якія "зноў ляцяць з тэрыторыі Беларусі ва Украіну". І што беларусам балюча гэта бачыць. Нядаўна Зяленскі казаў, што ўсе адказныя за гэта будуць пакараны. Святлана Ціханоўская пагадзілася і дадала: "І гэта будуць Лукашэнка і яго памагатыя, але не ўвесь беларускі народ".

"І народ Украіны, і народ Беларусі мае свае нацыянальныя інтарэсы, — гаворыць Ціханоўская. — І зараз яны супадаюць, бо абодва нашыя народы хочуць вярнуць мірнае жыццё, пазбавіцца ад расійскай акупацыі і канчаткова перамагчы дыктатуру як з’яву. Нашыя народы зараз падтрымліваюць адно аднаго, і задача палітыкаў — дапамагчы ім у гэтым. Не раз'яднацца тады, калі гэта дапаможа толькі ворагу".

Палітык кажа, што "беларусы зробяць усё магчымае, каб дапамагчы Украіне". "Нам не патрэбна нічога наўзамен, акрамя павагі да нашага шляху, — падкрэслівае Святлана Ціханоўская. — Павагі да нашага досведу і нашага права быць самімі сабой — беларусамі".

26 чэрвеня Уладзімір Зяленскі звяртаўся да грамадзян Беларусі і заклікаў іх не ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны. Ціханоўская прапануе яму ў наступны раз, звяртаючыся да беларусаў, не пераходзіць з украінскай на рускую мову.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.