Ціханоўская: Тое, што Ілля Салей дома — вынік мірнага ціску на рэжым
Святлана Ціханоўская пракаментавала вызваленне з-за кратаў адваката Іллі Салея і падтрымала ўдзельнікаў мірнага Партызанскага марша, які плануецца ў Мінску 18 кастрычніка.
"Тое, што Ілля Салей дома, а не ў СІЗА — гэта добрая навіна, — лічыць палітык. — І гэта вынік нашага з вамі мірнага ціску на рэжым".
"Давайце працягваць выказваць свае патрабаванні мірна і настойліва — гэта дае вынік. Мы спынімся, толькі калі кожны палітвязень выйдзе на свабоду, сілавікі пачнуць абараняць свой народ, а ў Беларусь вернуцца закон і сумленныя выбары, — працягвае Ціханоўская. — А пакуль гэтага не адбылося, мы будзем пратэставаць. Сёння на Партызанскім маршы беларусы зноў пакажуць, што такое салідарнасць. І я падтрымліваю кожнага, хто прыйдзе на гэты марш".
Адвакат Ілля Салей, затрыманы напачатку верасня па крымінальнай "справе Каардынацыйнай рады", 16 кастрычніка вярнуўся дадому. Ён пакуль не пракаментаваў сваё вызваленне з СІЗА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.