Вы тут

Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком МЗС Літвы еўрапейскую вакцыну для беларусаў

Святлана Ціханоўская і Габрыэлюс Ландсбергіс / Lithuanian MFA

Святлана Ціханоўская сустрэлася з новым міністрам замежных спраў Літвы Габрыэлюсам Ландсбергісам і віцэ-міністрам Мантасам Адаменасам. Ландсбергіс гаварыў пра важнасць вызвалення беларускіх палітвязняў, выступіў за свабодныя і справядлівыя выбары, якія павінны адбыцца ў нашай краіне як мага хутчэй.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, літоўскі бок гатовы і далей падтрымліваць Беларусь. Былі агучаны некалькі накірункаў гэтай працы. Сярод іх — перадача для нашай краіны еўрапейскай вакцыны супраць COVID-19 "пад кантролем Офіса Святланы Ціханоўскай". Літва будзе ўводзіць забарону на ўезд і выдачу віз для тых грамадзян Беларусі, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыях вынікаў выбараў і ў іншых злачынствах. У Літве і далей, у рамках універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі, будуць распачынацца крымінальныя справы, звязаныя са злачынствамі рэжыму ў нашай краіне (у Беларусі такія справы не распачынаюцца, судзяць толькі пратэстоўцаў). Больш таго, ідзе праца па стварэнні Каардынацыйнага цэнтра па ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Вільні.

Святлана Ціханоўская гаварыла пра важнасць спрашчэння Літвой міграцыйных правілаў для беларусаў ужо ў гэтым годзе.

Таксама падчас сустрэчы закранулі пытанне перайменавання нашай краіны на літоўскай мове з Балтарусіі ў Беларусь. Калі Офіс Ціханоўскай выступіць з такой прапановай, яе разгледзяць ва ўрадзе Літвы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.