Вы тут

Ці зможа Беларусь не аплачваць "даўгі Лукашэнкі", калі ён сыдзе?

Расіі Беларусь вінная больш за ўсё / Reuters

Нядаўна Сусветны банк расказаў, што Беларусь — самы вялікі суверэнны даўжнік Расіі. Да канца 2019 года наша краіна была вінная ўсходняй суседцы $8,1 млрд для параўнання: запазычанасць Бангладэш — другога месца ў спісе — усяго $2,4 млрд.

Увосень 2020 года Лукашэнка і Пуцін дамовіліся пра крэдыт яшчэ на $1,5 млрд. Пры гэтым беларуская апазіцыя заяўляе, што аплачваць даўгі нелегітымнага ўрада не мае намеру. Пра гэта гаварыў Павел Латушка. А Святлана Ціханоўская адзначала, што пасля сыходу Лукашэнкі ўсе дамоўленасці нелегітымнай улады з іншымі краінамі будуць перагледжаныя.

Ці зможа Беларусь не аплачваць "даўгі Лукашэнкі", калі ён сыдзе? Еўрарадыё разабралася, пра якія сумы ідзе гаворка, якім крэдыторам мы тэарэтычна зможам адмовіць, а якім не і як у выпадку адмовы можна выбудоўваць адносіны з Расіяй. А таксама — ці бывала калі-небудзь у сусветнай гісторыі такое, каб наступны ўрад адмаўляўся аддаваць даўгі папярэдняга, матывуючы гэта тым, што ён не быў легітымным.

 

"Крэдыторы не маглі не ведаць"

НАУ нагадвае, што, згодна з рэзалюцыяй Еўрапейскага парламента ад 17 верасня 2020 года, Еўрапейскі саюз і дзяржавы-ўдзельніцы ЕС не разглядаюць Лукашэнку як прэзідэнта з 5 лістапада 2020 года.

Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце / Reuters

— ЗША таксама не разглядаюць яго як легітымнага прэзідэнта, што пазначана ў Акце аб дэмакратыі. Крэдыторы не маглі не ведаць пра міжнароднае непрызнанне Лукашэнкі. Значыць, выдаючы крэдыт, яны павінны былі ўсведамляць рызыкі, — кажа адказны спецыяліст НАУ па пытаннях юстыцыі Міхаіл Кірылюк.

 

У Расіі шмат рычагоў уплыву

Экс-намеснік міністра фінансаў і былы намеснік старшыні Цэнтрабанка Расіі Сяргей Аляксашанка кажа, што ўсякі ўрад можа адмовіцца ад даўгоў папярэдняга па-за залежнасцю ад таго, які палітычны рэжым там існуе.

— Але трэба разумець, што краіна-крэдытор, у гэтым выпадку Расія, можа падаць у суд і арыштоўваць беларускія актывы ў выпадку станоўчага выніку судовага разбору. Гэта працэс доўгі, але магчымы. А ў кароткатэрміновай перспектыве трэба ўлічваць, што наяўнасць неўрэгуляваных стасункаў з крэдыторам будзе закрываць Беларусі дарогу да крэдытаў МВФ і Сусветнага банка.

Ва ўмовах, калі Беларусь больш не зможа крэдытавацца ў Расіі, праграмы з МВФ маглі б дазволіць згладзіць шокі рынкавых рэформаў. Без міжнароднай дапамогі рэформы, за якія выступае апазіцыя, у кароткай перспектыве могуць моцна ўдарыць па ўзроўні жыцця людзей. Бо за кошт сродкаў МВФ у перыяд рэформаў арганізуюцца праграмы перанавучання і сацыяльнай падтрымкі грамадзян, ствараюцца новыя рабочыя месцы.

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, у Расіі ёсць шмат "вяровачак", акрамя МВФ, каб уплываць на беларускія ўлады. Бо ў адносінах Беларусі і Расіі ніколі не было "проста эканомікі і грошай".

Пуцін і Лукашэнка ў часе аднаго з візітаў Лукашэнкі ў Расію / Reuters

— З Расіяй адносіны асіметрычныя. Гэта не проста адносіны паміж крэдыторам і пазычальнікам. Гэта адносіны, якія ў доўгатэрміновай перспектыве мелі і палітычны, і інфармацыйны характар. Ёсць пераарыентацыя патокаў нафтапрадуктаў, фінансавыя аперацыі, транзіт, ваенка.

Адмова ад выплат можа прывесці да захопу расіянамі актываў у абмен на даўгі ўжо цалкам па легальных схемах. Адмову ад выплаты даўгоў я лічу малаімавернай.

 

А што, калі ўлада была нелегітымнай і да 2020 года?

НАУ ўсё ж падкрэслівае, што паведамляла Расіі праз публічныя крыніцы і накіроўвала лісты ў Цэнтрабанк Расіі, дзе гаварылася пра міжнароднае непрызнанне Лукашэнкі і рызыкі неаплат.

— Гаворка не ідзе пра тое, што прыйдзе канкрэтны чалавек да ўлады і толькі ён не плануе плаціць даўгі. Усякі новы ўрад і прэзідэнт Беларусі сутыкнуцца з праблемай міжнароднага непрызнання легітымнасці Лукашэнкі ў перыяд з 5 лістапада 2020-га да моманту фактычнага заканчэння яго паўнамоцтваў. НАУ выступае за вырашэнне пытання шляхам перамоваў, але гатовыя, пры неабходнасці, і да вырашэння спрэчкі ў міжнародных судах, — кажа Міхаіл Кірылюк.

Будынак Высокага суда ў Лондане / Reuters

Наўрад ці ЕС і ЗША распаўсюдзяць непрызнанне на больш ранні перыяд, чым выбары 2020 года, мяркуе спецыяліст НАУ.

— Гэта ўсё ж супярэчыць агульным прынцыпам права "закон зваротнай сілы не мае" і нехарактэрна для прыстойных юрысдыкцый. Такія дзеянні характэрныя, хутчэй, для судовай сістэмы цяперашняй Беларусі, калі, нягледзячы на тэрмін пазоўнай даўнасці ў дзесяць гадоў, здзелкі па змене ўласніка "Спартак" і "Камунаркі" прызнаваліся несапраўднымі, а рашэнне выносілася Вярхоўным судом на карысць уладаў праз 19 гадоў. Гэта не ўмацоўвае даверу да судовай сістэмы, хутчэй, адварочвае інвестараў. Новы ўрад будзе зацікаўлены ў стварэнні судовай сістэмы з добрай рэпутацыяй.

 

Украіна так і не вярнула "доўг Януковіча"

Беларусь не адзіная краіна, якая можа адмовіцца ад выплаты часткі дзярждоўгу па палітычных прычынах. Такое ўжо было ва Украіне. Калі Пятро Парашэнка ў 2015 годзе адмовіўся плаціць "доўг Януковіча" ў $3 млрд, які ў Кіеве назвалі "хабарам". Нягледзячы на суды Расіі і Украіны ў Лондане, Расія так і не атрымала грошай назад.

— На сёння разгляд справы адкладзены на нявызначаны тэрмін. У сухім астатку прайшло ўжо пяць гадоў, на працягу якіх Украіна на законных падставах не выплачвае тры мільярды долараў. Але мы ўпэўненыя, што створым і свой, "беларускі" прэцэдэнт, — адзначае Міхаіл Кірылюк.

Цяпер таксама спрачаюцца Масква з Кішынёвам — праз тое, што новы прэзідэнт Малдовы Мая Санду адмаўляецца плаціць даўгі Прыднястроўя за газ. Сума там вельмі сур'ёзная — больш за $7 млрд.

— Прыднястроўе — гэта некіраваная тэрыторыя Малдовы. Украіна таксама не хоча плаціць за газ, які Расія пастаўляе ў акупаваны Данбас. Было б дзіўна, калі б Кішынёў і Кіеў хацелі б і былі гатовыя гэта рабіць. У выпадку з Беларуссю я такога варыянта не бачу, таму што краіна адзіная, — працягвае Сяргей Аляксашанка.

Эксперт нагадвае, што апошнія даўгі царскага ўрада Расіі, ад якіх адмовіліся бальшавікі, былі выплачаныя Расіяй толькі ў дзевяностых.

— Судовыя пазовы могуць працягвацца доўга. Гэта будзе стрэл сабе ў нагу. І я дрэнна разумею, што такім чынам атрымае Беларусь. Можна ставіць пытанне пра рэструктурызацыю даўгоў, пра растэрміноўку іх выплаты. Проста адмова ад іх абслугоўвання завядзе новы беларускі ўрад у тупік, з якога будзе вельмі цяжка выходзіць, — заключае Сяргей Аляксашанка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.