Ці спытае кіраўнік Чырвонага Крыжа Маўрэр у Макея пра беларускія турмы?

Уладзімір Макей / Еўрарадыё​
Уладзімір Макей / Еўрарадыё​

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей знаходзіцца ў Швейцарыі, дзе збіраецца ўзяць удзел у працы 69-й сесіі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, паведамляе прэс-служба МЗС.

Але акрамя гэтага запланаваны і шэраг двухбаковых сустрэч. У прыватнасці мяркуецца, што сёння кіраўнік беларускага МЗС сустрэнецца з кіраўніком СААЗ Тэдрасам Гебрэесусам, вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет і прэзідэнтам Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа Петэрам Маўрэрам.

У МЗС кажуць, што падчас гэтых сустрэч будуць абмяркоўвацца актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, "беларускі падыход да праблем, якія знаходзяцца ў зоне адказнасці кожнай з названых арганізацый, а таксама іншыя тэмы, якія ўяўляюць узаемную цікавасць".

Нагадаем, вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет у лютым выступіла ў Жэневе з дакладам аб сітуацыі ў Беларусі. Яна заявіла, што падзеі лета-восені 2020-га года прывялі да "крызісу беспрэцэдэнтных маштабаў у галіне правоў чалавека" ў краіне. Больш за тое, па яе словах, ужо пасля завяршэння працы над дакладам сітуацыя ў Беларусі пагоршылася. У сваім выступе яна згадала і масавыя адвольныя арышты, і "сістэматычнае адмаўленне фундаментальных свабод".

Да прэзідэнта Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа Петэра Маўрэра неаднаразова звяртаўся пісьменнік Саша Філіпенка прасіў яго звярнуць увагу на тое, што адбываецца ў Беларусі, і асабліваў беларускіх турмах і ізалятарах. Філіпенка прапаноўваў Маўрэру прыехаць і паглядзець, як "жанчыны спяць на бетонных падлогах і металічных сетках без матрацаў, у якіх хлеб кладуць пад галаву замест падушак, прыбіральні ўяўляюць сабой дзіркі ў падлогах, не абгароджаныя нават шторкамі, а наглядчыкі не дазваляюць перадаваць у камеры ні зубныя шчоткі, ні пракладкі".  

Але кіраўнік МКЧК сказаў, што ў арганізацыі няма адпаведнага мандата, таму праінспектаваць беларускія турмы ён не зможа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі