Вы тут

Чэхія не будзе выдаваць візы грамадзянам Беларусі і Расіі, акрамя гуманітарных

Прага / pixabay.com

Чэхія не будзе выдаваць грамадзянам Беларусі ды Расіі візы і віды на жыхарства да канца сакавіка 2023 года. Гэтым часам атрымаць чэшскую візу зможа толькі блізкі сваяк грамадзяніна Чэхіі ці іншай краіны ЕС, пішуць České noviny. Таксама можна будзе звяртацца па працяг ужо дзеючага ВНЖ.

"Крок закліканы абараніць знешнепалітычныя інтарэсы Чэхіі ў сувязі з узброеным канфліктам ва Украіне, які быў выкліканы ўварваннем Расійскай Федэрацыі, якую падтрымлівае Рэспубліка Беларусь", — тлумачаць ва ўрадзе Чэхіі.

Выключэнне складуць гуманітарныя візы. 

Таксама пад выключэнне трапяць людзі, якія хадайнічаюць пра візу або від на жыхарства, калі знаходжанне заяўніка адпавядае інтарэсам Чэхіі, што павінен пацвердзіць міністр замежных спраў.

Сёння, паводле звестак Міністэрства статыстыкі Чэхіі, у краіне легальна пражываюць 8 тысяч грамадзян Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.