Вы тут

Экс-сілавікі: на ўскраіне Мінска на аэрадроме збіраюць 2 тысячы міліцыянераў

Беларускія міліцыянеры / БЕЛТА

26 лютага а 14-й гадзіне на ўскраіне Мінска на аэрадроме Ліпкі збіраюць 2 тысячы міліцыянераў. Як паведамляе ў Telegram ініцыятыва былых сілавікоў, там пройдуць здымкі агітацыйнага відэароліка "ў мэтах падняцця іміджу і павышэння даверу да органаў унутраных спраў".

Сцвярджаецца, што на аэрадром прывязуць дзейных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з розных падраздзяленняў. У сцэнары прадугледжана, што яны будуць на снезе выконваць розныя фігуры.

Патрэба "павышэння даверу" ўзнікла пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, калі сілавікі жорстка разганялі мірныя акцыі пратэсту. Па ўсёй краіне працягваюць судзіць людзей за абразу міліцыянераў ці пагрозу ім. Вярхоўны камісар ААН заявіла, што ў Беларусі "крызіс беспрэцэдэнтных маштабаў". Па яе даных, органы папярэдняга расследавання атрымалі 4644 скаргі на выкарыстанне фізічнай сілы і спецсродкаў сілавікамі падчас разгонаў мірных акцый пратэсту. Аднак 1050 скаргаў проста адхілілі. Ці быў хто з сілавікоў прыцягнуты да адказнасці, інфармацыі няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.