Былы баец АМАПа: трэба скласці зброю. Вас будуць прымаць як герояў

Павел Кулажэнка падчас здачы выпрабаванняў на права нашэння чорнага берэта / архіўнае фота
Павел Кулажэнка падчас здачы выпрабаванняў на права нашэння чорнага берэта / архіўнае фота

У сацсетках з'явіўся відэазварот ад былога супрацоўніка віцебскага АМАПа Паўла Кулажэнкі. У ім спецназавец расказвае, чаму нязгодны з жорсткімі дзеяннямі сілавікоў на вуліцах беларускіх гарадоў.

Еўрарадыё звязалася з Кулажэнкам, які цяпер жыве ў Нью-Ёрку. Ён расказвае, чым адрозніваюцца сілавікі ў Мінску і ў абласцях, ці будзе міліцыя "з народам" і ці можа салдат не падпарадкавацца загаду.

Павел Кулажэнка пачынаў тэрміновую службу ў в/ч 5530 пад Полацкам. Курсы малодшых камандзіраў праходзіў у в/ч 3214 пад кіраўніцтвам палкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі. У 2011 годзе скончыў юрфак БДУ і завяршыў службу ў віцебскім АМАПе ў званні прапаршчыка. Займаўся змяшанымі адзінаборствамі. Пераехаў у Нью-Ёрк. Цяпер працуе трэнерам.

Павел Кулажэнка: Я заўсёды скептычна ставіўся да беларускай апазіцыі, таму што яна была прадстаўлена такімі лідарамі, якія не маглі дастукацца да народа. Я ўсё-ткі чалавек са сферы гвалту, маё жыццё было з гэтым звязана. Таму, калі я ўбачыў пратэсты, затрыманні, я падумаў: "Ну так, выйшлі на новы ўзровень". Але потым з'явіліся фатаграфіі пакалечаных людзей, з ірванымі ранамі, з дзіркамі ад гумовых куль, з адарванымі канечнасцямі. Наступным пунктам было тое, калі з'явіліся звесткі пра катаванні ў засценках ІЧУ на Акрэсціна. Але гэта яшчэ не было штуршком, каб выказаць грамадзянскую пазіцыю. Штуршком паслужыла тое, калі я ўбачыў, якую падтрымку беларусы вырашылі аказаць адно аднаму. Калі я ўбачыў кучу рэпостаў ад медыкаў пра бясплатнае аказанне дапамогі ва ўсіх медыцынскіх сферах.

Калі я гэта ўбачыў, я, напэўна, упершыню адчуў гонар, усведамленне прыналежнасці да беларускай нацыі, я захацеў хоць неяк у гэтым паўдзельнічаць.

Еўрарадыё: У вашым відэазвароце вы згадваеце камандзіра, які аддаў загад не хапаць пратэстоўцаў за воплескі. Маўляў, ён карыстаўся вялікай павагай сярод падначаленых. Ці ёсць у цэлым ва ўнутраных войсках паняцце справядлівасці і гонару ці там людзі прывыклі бяздумна выконваць загады?

Павел Кулажэнка: У нас тады сапраўды выходзіў камандзір віцебскага АМАПа. Ён гаварыў распараджэнні ад МУС наконт пляскання ў далоні, наконт збору людзей у грамадскіх месцах не выконваць. Ён сказаў гэта адкрытым тэкстам: "Каб я пра такія затрыманні не чуў!" І ў той момант у Віцебску не было такіх затрыманняў.

Са свайго досведу службы ва ўнутраных войсках ведаю, што ВВ цяпер ганяюць, як сабак. Трэба разумець, што гэта салдаты тэрміновай службы. Салдат у беларускай арміі — гэта, па сутнасці, істота бяспраўная. Там усё вельмі жорстка: ёсць загад — ідзі выконвай. Плюс да ўсяго ў іх цяпер напружаны графік. Хранічны недасып і гэтак далей. А яшчэ яны ізаляваныя ад рэчаіснасці.

Расказ былога байца АМАПа

Я вельмі добра разумею розніцу паміж АМАПам, салдатамі тэрміновай службы, вайскоўцамі ўзброеных сіл, паміж атрадамі накшталт "Алмаза", "Альфы", САХРа. Гэта зусім розныя ўзроўні.

Я ўдзельнічаў у трох выбарах, і наконт Віцебскага АМАПа магу сказаць, што нас не выкарыстоўвалі для разгону пратэстаў, нам не аддавалі загадаў, якія прымусілі б нас рабіць няпросты маральны выбар. Нас выкарыстоўвалі для абароны і аховы стратэгічных аб'ектаў.

У 2010 годзе віцебскі АМАП па поўнай баявой у поўным складзе сядзеў у Палацы Рэспублікі ў ноч падліку галасоў. Усе абласныя АМАПы таксама пасадзілі. Так атрымалася, што мы ўсе ведалі, для чаго мы там сядзім. Сядзелі мы не для таго, каб абараніць працэдуру падліку галасоў. Нас пасадзілі туды, таму што хацелі зрабіць прыгожую карцінку. Там было два шэрагі чатырохметровых вокнаў, і, калі пачаў збірацца натоўп пратэстоўцаў, павінны былі спрацаваць правакатары, зрабіць так, каб натоўп штурмаваў Палац Рэспублікі. Каб гэтыя ўсе шыбы паваліліся на нас і каб можна было атрымаць такую прыгожую ахвярную карцінку, якую можна было б паказаць сусветнай грамадскасці і апраўдаць гвалт да пратэстоўцаў. І задушыць гэта раз і назаўжды.

Бывший боец ОМОНа: нужно сложить оружие. Вас будут принимать как героев

Еўрарадыё: Ці магчымы пераход унутраных войскаў, АМАПа на бок народа?

Павел Кулажэнка: Я думаю, калі пяройдзе хоць бы АМАП — і гэта будзе, хутчэй за ўсё, абласны АМАП, — то гэта запусціць вельмі вялікую хвалю. Абласныя АМАПы заўсёды адрозніваліся ад таго ж мінскага АМАПа.

Абласныя АМАПы — гэта цалкам аўтаномныя падраздзяленні. Мы ўсё заўсёды рабілі самі: распрацоўку спецаперацый, распрацоўку затрыманняў, аказанне сілавой падтрымкі і гэтак далей. У той час як у мінскі АМАП з яго раздутым штатам ужо ў той час "набіралі па аб'явах". І мінскі АМАП у той час біў пратэстоўцаў. У адрозненне ад абласных АМАПаў мінскі АМАП практычна не бачыў ніякай цікавай нармальнай працы, таму што ў Мінску ўсё забіралі іншыя падраздзяленні — САХР, "Альфа" і "Алмаз".

Еўрарадыё: Некаторыя з пацярпелых ужо гатовыя дараваць сілавікам за жорсткасць. Ці адрозніваецца амапавец ад салдата тэрміновай службы з унутраных войскаў і каму з іх можна дараваць?

Павел Кулажэнка: Тут ёсць цяжар персанальнай адказнасці за свае дзеянні. Ёсць таксама адказнасць за выкананне заведама злачынных загадаў. Гэта значыць, ніхто не адмажацца. Я думаю, усе, хто быў заўважаны ў зверствах, усе яны павінны панесці адказнасць.

Той жа загад — яго можна вытлумачыць і выканаць па-рознаму. Калі кажуць "Ідзі разганяй тых людзей" або "Ідзі пакуй тых людзей", з пазіцыі салдата тэрміновай службы — ён можа падысці, узяць пад ручкі і завесці, а можа адмяцеліць дубінкай. Гэта вельмі размытая мяжа, якая вызначаецца больш за ўсё персанальнымі маральнымі прынцыпамі чалавека.

Бывший боец ОМОНа: нужно сложить оружие. Вас будут принимать как героев
Павел Кулажэнка (у цэнтры) / архіўнае фота

Калі б я ў свой час здаваў затрыманага ў РАУС і пры гэтым у яго быў сіняк або цялесныя пашкоджанні, дзяжурны па РАУСе яго проста не прыняў бы. Вязі, маўляў, яго на медыцынскі агляд, каб ён не памёр у РАУСе і гэта на мне не павісла. Тое, што я бачу цяпер, — гэта нейкая жэсць.

Еўрарадыё: Ці ведаюць вашы знаёмыя за мяжой пра пратэсты ў Беларусі і як яны да іх ставяцца?

Павел Кулажэнка: Ды ўвесь свет пра гэта ведае. Бачыў ужо шмат пастоў на "Фэйсбуку", у якіх расіяне кажуць "Ды гэта будзе як ва Украіне, гэта будзе "Майдан". Ім спрабуюць даказваць, што гэта зусім не тое, што гэта мірныя пратэсты.

Ужо нават нарадзіўся мем: "Пасля таго як прайшлі пратэсты, горад стаў яшчэ чысцейшы". Гэты выражэнне такой высокай культуры, аналагаў якой я яшчэ не бачыў. У Амерыцы праходзяць пратэсты Black Lives Matter, "антыфа", і гэта жэсць. Марадзёрства, рабаванні, ціск на бізнес, чаго толькі не адбываецца. Пратэсты ў Беларусі ў параўнанні з гэтым — крынічная вада.

Бывший боец ОМОНа: нужно сложить оружие. Вас будут принимать как героев

Еўрарадыё: На фоне хвалі гвалту ў Беларусі былыя вайскоўцы ўнутраных войскаў зладзілі флэшмоб, у якім выкідалі сваю "дэмбельскую" форму, не жадаючы больш належаць да касты "ўнутранікаў". Як вы да гэтага ставіцеся?

Павел Кулажэнка: Стаўлюся станоўча, але лічу, што гэта, хутчэй, уплывае на меркаванне народа, але не на меркаванне сілавых падраздзяленняў. Такі флэшмоб — гэта выказванне грамадзянскай пазіцыі. Таму што дэмбелям, якія працягваюць асацыяваць сябе з тымі ці іншымі войскамі, цяпер гэта брыдка, таму што цяпер гэтыя падраздзяленні задзейнічаныя, як бы гэта гучна ні гучала, у генацыдзе беларускага народа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі