Вы тут

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч — падазраваны па справе аб тэрарызме

Мікалай Аўтуховіч / svaboda.org

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч — падазраваны па крымінальнай справе аб тэрарызме. Пра гэта было паведамлена ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1". Аўтуховіча падазраюць у шэрагу акцый у Гродзенскай вобласці — падпале дома і аўтамабіля міліцыянера ў Ваўкавыску, у падрыве прыпаркаванай машыны сілавіка ў Гродне.

Аўтуховічу 57 гадоў. Ён — ветэран вайны ў Афганістане. Быў прадпрымальнікам у Ваўкавыску. У 2005-м арыштаваны па справе аб ухіленні ад выплаты падаткаў. Быў прызнаны палітвязнем. Вызвалены пасля санкцый ЕС і ЗША ў дачыненні афіцыйнага Мінска, але ў 2009-м адбылося чарговае затрыманне, у 2010-м асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі за захоўванне боепрыпасаў (некалькіх патронаў для паляўнічай стрэльбы). На волю выйшаў у красавіку 2014-га.

Мікалая Аўтуховіча назвалі кіраўніком "арганізаванай тэрарыстычнай групы", удзельнікі якой "хаваліся ў розных гарадах". Сцвярджаецца, што ў Аўтуховіча знайшлі аўтамат, пісталеты, патроны, гранаты, выбухоўку, рацыі. Былі паказаныя фрагменты яго допытаў, падчас якіх прагучала, што "знойдзенага дастаткова для пажыццёвага зняволення".

"Злавіўшы Аўтуховіча яшчэ на старце, сілавікі прадухілілі не адно злачынства", — было заяўлена ў эфіры "Беларусь 1".

На тэлеканале агучылі прозвішчы групы людзей, якія дапамагалі Аўтуховічу. Агулам затрыманыя 8 чалавек. Удзельнікам групы назвалі і "беспрацоўнага мінчука" Паўла Саву, які расказваў і паказваў, як праводзіліся акцыі.

Мікалай Аўтуховіч шмат разоў крытычна выказваўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі і заклікаў яго пайсці ў адстаўку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.