Вы тут

Былога супрацоўніка МНС вінавацяць у "замаху нявызначаным прадметам"

Нязгодныя з вынікамі выбараў мінчане ля ГЦ "Рыга" / "Белсат"​

Былому супрацоўніку МНС Рыгору Давыдаву пагражае некалькі гадоў калоніі за ўдзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся "гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або узброеным супрацівам прадстаўнікам улады" (ч. 2 арт. 293 КК РБ).

Справу Давыдава напярэдадні пачаў разглядаць суд Фрунзенскага раёна Мінска, паведамляюць праваабаронцы. Давыдаў  — былы супрацоўнік МНС, звольніўся адтуль у 2019-м годзе.

Паводле версіі абвінавачвання, 10 жніўня 2020 года недалёка ад ГЦ "Рыга" ён нібыта здзейсніў не менш за тры кідкі нявызначанымі прадметамі ў бок праезнай часткі і спецтранспарту.

Удзельнікі працэсу паглядзелі відэа з месца падзей. На кадрах чалавек, якога немагчыма вызначыць, здзяйсняе, па словах дзяржабвінаваўцы, "замахі нявызначаным прадметам". Такім чынам, настойвае абвінавачванне, мужчына, падобны на Рыгора Давыдава, здзяйсняе замах. Адзначым, што пацярпелых у гэтай справе няма.

Сам Давыдаў сваёй віны не прызнаў, у судзе ад дачы паказанняў адмовіўся. Раней падчас следства ён казаў, што ў беспарадках удзелу не прымаў і сышоў, як толькі міліцыя пачала разганяць людзей.

У судзе таксама апыталі сведак, але ні адзін з іх не бачыў у той дзень ля "Рыгі" абвінавачанага. Сведка Міхаіл Багданаў, да прыкладу, стаяў у корку і бачыў людзей, якія крычалі лозунгі. Паводле яго слоў, яны паводзілі сябе мірна, ніхто нічога ў бок міліцыі не кідаў, ды і міліцыю, сказаў сведка, ён там не бачыў.

Між тым пракурор Аліна Кас'янчык ўпэўненая, што чалавек, падобны на абвінавачанага, удзельнічаў ў масавых беспарадках. Яна лічыць, што віна Багданава цалкам даказаная, і запрасіла пакаранне — чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Касьянчык вядомая тым, што падтрымлівала абвінавачванне на працэсе над журналісткамі тэлеканала "Белсат" Кацярынай Андрэевай і Дар'яй Чульцовай.

Адвакат у сваю чаргу казаў пра тое, што доказаў віны Рыгора Давыдава няма: на відэа апазнаць яго немагчыма, на рэчдоках слядоў няма. Нават абвінавачванне ў злачынстве групай асоб нельга лічыць абгрунтаваным, бо абвінавачаны не быў ні з кім знаёмы і не ўзгадняў свае дзеянні.

У сераду, 25 лютага, Рыгор Давыдаў выступіць з апошнім словам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.