Вы тут

Больш за 410 тысяч выпадкаў COVID-19 за суткі — у Індыі ўстаноўлены новы рэкорд

Індыйскія крэматорыі не спраўляюцца з колькасцю памерлых​ / Reuters

У Індыі ўсталяваны чарговы рэкорд па колькасці новых выяўленых выпадкаў COVID-19 за суткі, паведамляе агенцтва ТАСС.

За апошнія 24 гадзіны індыйскія медыкі пацвердзілі каранавірусную інфекцыю ў больш чым 412 тысяч чалавек. У выніку агульная колькасць тых, хто заразіўся, перавысіла 21 мільён. Гэта за увесь час эпідэміі.

Памерла ад COVID-19 за апошнія суткі ў Індыі амаль 4 тысячы чалавек. І гэта таксама рэкорд.

На сённяшні дзень Індыя займае другое месца ў свеце (пасля ЗША) па агульнай колькасці тых, хто заразіўся каранавірусам, і трэцяе месца па ліку смяротных зыходаў з-за гэтай інфекцыі (пасля ЗША і Бразіліі).

Індыйскія ўлады кажуць, што гэта другая хваля і папярэджваюць аб трэцяй. Па іх словах, яна непазбежна. У краіне цыркулюе новы індыйскі штам каранавіруса.

"Новы штам COVID-19, масавае заражэнне якім цяпер адбываецца ў краіне, з'яўляецца больш прыстасаваным да процідзеяння мерам абароны і патрабуе новага падыходу да барацьбы з ім", — заявіў галоўны навуковы дарадца прэм'ер-міністра Індыі Віджай Рагхаван.

Адзіны спосаб хоць неяк супрацьстаяць распаўсюджванню захворвання — гэта выконваць меры бяспекі і вакцынавацца, падкрэсліў ён.

У канцы красавіка СМІ абляцелі фота вогнішчаў на вуліцах індыйскіх гарадоў. Журналісты пісалі аб тым, што людзі паміраюць, не дачакаўшыся ложка ў шпіталі, аб тым, што ў шпіталях сканчаецца кісларод, а целы памерлых ад віруса з-за недахопу месца ў крэматорыях паляць на вуліцах і паркоўках.

Папярэдні рэкорд па колькасці новых выпадкаў заражэння ў Індыі быў усталяваны 1 мая. Тады за суткі выявілі 401 993 новыя выпадкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.