Вы тут

БМЗ патанае ў даўгах, але шукае новых супрацоўнікаў

БМЗ — адно з самых праблемных прадпрыемстваў краіны

Беларускі металургічны завод (БМЗ) у свой час быў флагманам беларускай прамысловасці. І сёння на ім трымаецца 20% вытворчасці прадпрыемстваў Мінпрама. Але стан у БМЗ, мякка кажучы, сумны: даўгі холдынга налічваюць мільярды рублёў, а назапашаныя страты — 2,2 мільярда рублёў. Праз гэта ўрад вымушаны гадамі аказваць падтрымку, дараваць працэнты па крэдытах і знаходзіць новыя спосабы рэанімаваць прадпрыемства.

У ліпені 2020-га прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка зноў гаварыў пра важнасць падтрымкі БМЗ і пра неабходнасць аптымізацыі выдаткаў прадпрыемства. У пачатку 2021-га стала вядома пра "сакрэтны план" па выратаванні холдынга: даўгі возьме на сябе Мінфін, а грошы на заробак будуць выдаваць банкі.

На фоне ўсяго гэтага дзіўным выглядае тое, што БМЗ актыўна шукае новых супрацоўнікаў.

Паводле інфармацыі дзяржаўнай службы занятасці, на 23 лютага БМЗ размясціў інфармацыю пра 42 адкрытыя вакансіі. Каго і на якія заробкі шукае прадпрыемства?

Менш за ўсё на БМЗ абяцаюць газарэзчыкам — ад 653 рублёў у месяц, гэта значыць каля 250 долараў па бягучым курсе. Для параўнання: на іншых прадпрыемствах газарэзчыкі могуць атрымліваць ад 800–900 рублёў.

Ненашмат больш абяцаюць шыхтоўшчыкам (ад 700 рублёў) і шліфоўшчыкам (ад 756 рублёў). Параўнаем: у іншых месцах шыхтоўшчыкі могуць атрымліваць ад 800 рублёў, а шліфоўшчыкі — больш за 1000 рублёў.

Максімальны заробак з заяўленых — для машыніста бульдозера (ад 1100 рублёў). Тут прапанова ў цэлым адпавядае таму, што ёсць на іншых беларускіх прадпрыемствах.

Цікава, што БМЗ шукае яшчэ і карэспандэнта — хутчэй за ўсё, у сваю карпарацыйную газету "Металлург". Мабыць, на ёй сэканоміць таксама кіраўніцтва холдынга не лічыць патрэбным.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.