Bloomberg: у Расіі ўпершыню за 100 гадоў наступіў дэфолт па знешніх пазыках

Bloomberg: у Расіі ўпершыню за 100 гадоў наступіў дэфолт па знешніх пазыках

Упершыню з 1918 года Расія сутыкнулася з дэфолтам па знешніх пазыках. Ільготны перыяд для выплаты каля 100 мільёнаў долараў пратэрмінаваных плацяжоў па дзяржаблігацыях скончыўся, паведамляе агенцтва Bloomberg.

Афіцыйнага абвяшчэння дэфолту не будзе. Звычайна гэта робяць міжнародныя рэйтынгавыя агенцтва, але ўсе яны прыпынілі сваю дзейнасць у Расіі. Такое абвяшчэнне маглі б зрабіць трымальнікі бондаў, але яны пакуль што спрабуюць ацаніць, якія шанцы вярнуць усё ці хаця б частку сваіх грошай. Для аб'явы дэфолту крэдыторамі неабходна, каб з гэтым пагадзілася чвэрць трымальнікаў аблігацыяй.

У Расіі ёсць сродкі, але расплаціцца яна не можа. У красавіку Мінфін ЗША не падоўжыў часовую ліцэнзію, якая дазваляла трымальнікам расійскіх аблігацый атрымліваць плацяжы ад Расіі. Тэрмін дзеяння ліцэнзіі скончыўся 25 траўня. Да вечара 27 траўня трымальнікі расійскіх еўрабондаў не атрымалі выплаты амаль на 100 мільёнаў долараў, пасля чаго пачаўся адлік 30 дзён да абвяшчэння дэфолту па гэтых плацяжах.

Функцыі плацежнага агента па расіскіх доларавых выпусках адмовіўся выконваць брытанскі Citibank. Прычына — санкцыі. 

У выніку Мінфін перадаў гэтыя функцыі Нацыянальнаму разліковаму дэпазітарыю (НРД), перавёў грошы на рахунак і заявіў, што выканаў усе абавязальніцтвы. Пазней НРД трапіў у шосты пакет санкцый Еўрасаюза. У Крамлі заявілі, што Брусель такім чынам спрабуе падштурхнуць Расію да "штучнага дэфолту". 22 чэрвеня Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які часова дазваляе аплочваць знешнія валютныя пазыкі Расіі рублямі.

У Bloomberg лічаць гэты дэфолт хутчэй сімвалічным для расійскай эканомікі і расіян, "якія перажываюць двухзначную інфляцыю і найгоршы эканамічны спад за апошнія гады". Разам з тым у агенцтве называюць гэтую падзею "змрочным маркерам хуткага ператварэння краіны ў эканамічнага, фінансавага і палітычнага ізгоя"'.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі