БХК патрабуе ад СК рэакцыі на запіс аб Тарайкоўскім і канцлагерах

На апублікаваным аўдыёзапісы гучыць голас меркавана Мікалая Карпянкова​ / TUT.BY
На апублікаваным аўдыёзапісы гучыць голас меркавана Мікалая Карпянкова​ / TUT.BY

Праваабаронцы з Беларускага Хельсінскага Камітэта звярнуліся ў Следчы камітэт і Генеральную пракуратуру Беларусі з просьбай даць прававую ацэнку выказванням, якія гучаць на аўдыёзапісы, які апублікавала 15 студзеня ініцыятыва экс-сілавікоў.

На плёнцы гучыць голас меркавана намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова, які інструктуе супрацоўнікаў. Ён кажа, у прыватнасці, аб гібелі Аляксандра Тарайкоўскага: "зразумела, ад чаго памёр гэты п'яніца і дэбіл, як яго... [у зале кажуць — "Тарайкоўскі"]...". Голас таксама кажа, што прыйшоў іншы час, і дае падначаленым ўстаноўку страляць "ва ўпор: па нагах, у жывот, па яйках". Акрамя таго, агучваюцца планы стварыць у Беларусі лагеры для пратэстоўцаў — "не для ваеннапалонных, не для інтэрнаваных нават, а лагер для асабліва астракапытных... для адсялення".

У сувязі з заявамі, якія прагучалі на запісе, праваабаронцы патрабуюць ад СК і Генпракуратуры, перш за ўсё, распачаць крымінальную справу па факце смерці Аляксандра Тарайкоўскага і правесці поўнае, аб'ектыўнае і аператыўнае расследванне. Прычым грамадскасць павінна быць інфармаваная аб любых працэсуальных рашэннях па справе.

Праваабаронцы таксама патрабуюць "даць прававую ацэнку выказванням асобы, ідэнтыфікаванай як намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў, якія, на наш погляд, варта кваліфікаваць як прыгатаванне да здзяйснення злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва", гаворыцца ў заяве БХК.

Акрамя таго, на думку праваабаронцаў, пракуратура і СК павінны ў рамках кампетэнцыі прыняць усе магчымыя меры па недапушчэнні рэалізацыі планаў, якія вядуць да найгрубейшых парушэнняў правоў чалавека.

У МУС аўдыёзапіс каментаваць адмовіліся. Афіцыйная прадстаўніца ўстановы Вольга Чамаданава казала, што "мы не каментавалі і не будзем каментаваць фэйкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі