Без намёкаў. Як “маленькая пераможная” вайна абярнулася супраць дыктатара

Без намёкаў. Як “маленькая пераможная” вайна абярнулася супраць дыктатара

Каб адцягнуць увагу свайго народа ад унутраных праблем, ён распачаў “спецаперацыю” ў суседняй краіне. Але “маленькай пераможнай” вайны не атрымалася — гэтая авантура скончылася падзеннем яго рэжыму.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае гісторыю кіраўніка Уганды Ідзі Аміна, аднаго з самых крывавых і адыёзных дыктатараў ХХ стагоддзя. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя.

Вялікі і жахлівы

Без намёкаў. Як “маленькая пераможная” вайна абярнулася супраць дыктатара

25 студзеня 1971 года Ідзі Амін захапіў уладу ў выніку чарговага дзяржаўнага перавароту ва Угандзе. Вайсковая хунта адразу ўзяла курс на “ўгандызацыю”. Гэта азначала ганенні на брытанцаў, індыйцаў і пакістанцаў, якія працавалі ў краіне.

Рэжым будаваўся на тэроры, татальным страху і катаваннях. Колькасць ахвяр дыктатара наблізілася да 500 тысяч, прычым некаторых ён забіў асабіста. Сам ён абвясціў сябе фельдмаршалам і хадзіў у форме з вялікімі пагонамі. Пры гэтым быў непісьменны. А на абед мог з’есці палітычнага апанента. Літаральна.

“Я еў чалавечае мяса. Яно вельмі салёнае, нават больш салёнае, чым мяса леапарда”, — расказваў ён журналістам. 

Гэта ўсё не перашкаджала СССР сябраваць з ім. І толькі савецкае кіраўніцтва пераканала яго не ставіць помнік Адольфу Гітлеру, фанатам якога быў Амін. Былі ў яго і такія ініцыятывы. 

Не маленькая і не пераможная “спецаперацыя”

Але, як часта бывала з сябрамі СССР, на радзіме з падтрымкай у яго былі праблемы. Досыць хутка Амін аб’яднаў супраць сябе немалую частку ўласнага народа. Карупцыя, спекуляцыі, беззаконне — усё гэта абурала насельніцтва. 

Першае антыамінаўскае аб’яднанне з’явілася за межамі Уганды яшчэ ў 1973 годзе. Пасля колькасць такіх груп вырасла прыкладна да двух дзясяткаў і аформілася ў кааліцыю. Жаданне зрынуць дыктатарскі рэжым было вышэй за ​​розніцу ў палітычных поглядах апазіцыйных лідараў. 

Без намёкаў. Як “маленькая пераможная” вайна абярнулася супраць дыктатара

Для адцягнення ўвагі ад сур'ёзных унутраных праблем Амін ствараў напружанае становішча на межах з суседнімі краінамі. Ён агучваў неапраўданыя тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Кеніі, Судана і асабліва да Танзаніі. У кастрычніку 1978 года ўгандыйскае войска ўварвалася ў гэтую краіну і захапіла значную частку яе тэрыторыі.
 

Танзанійцы звярнуліся да сусветнай супольнасці з просьбай асудзіць агрэсію і прымусіць Аміна адвесці войскі. Так першапачаткова лакальны канфлікт перарос у маштабнае супрацьстаянне. У падтрымку Танзаніі выступілі іншыя краіны рэгіёна: Ангола, Мазамбік, Замбія і Батсвана. 

Без намёкаў. Як “маленькая пераможная” вайна абярнулася супраць дыктатара

Амін пераацаніў ваенныя магчымасці свайго спустошанага войска, а таксама не пралічыў рэакцыю вядучых дзяржаў. Савецкі Саюз да вайны сябраваў і з Танзаніяй, таму пасля нападу Уганды сацлагер адвярнуўся ад Аміна. 

Антыамінаўская кааліцыя

Рашэнне пра ўварванне ў Танзанію стала для Аміна фатальным. Пасля гэтага ён пратрымаўся ва ўладзе толькі паўгода. Першапачатковыя поспехі “спецаперацыі” змяніліся цяжкімі паразамі. За кошт мабілізацыі танзанійцы павялічылі колькасць свайго войска да 100 тысяч чалавек. Муамар Кадафі даслаў Аміну 3 тысячы лівійскіх вайскоўцаў, але дапамагчы яны не здолелі.

Ужо ў лютым 1979-га баі вяліся на тэрыторыі Уганды. А ў сакавіку ўдзельнікі антыамінаўскага фронту з ліку ўгандыйскіх эмігрантаў стварылі арганізацыйную структуру Фронту нацыянальнага вызвалення Уганды. У яе ўвайшлі добраахвотнікі і апазіцыянеры.

Салдаты і афіцэры ўгандыйскага войска пачалі масава разбягацца. Адны пераходзілі на бок праціўніка, іншыя дэзертавалі.

11 красавіка танзанійскае войска і Фронт нацыянальнага вызвалення захапілі сталіцу Уганды — Кампалу. Доўга штурмаваць горад не давялося: жыхары сустрэлі іх як збаўцаў. Амін часова схаваўся ў Джынджы, адкуль спрабаваў абвергнуць чуткі пра сваё зрынанне. Аднак неўзабаве ўцёк і адтуль.

Прыняць зрынутага прэзідэнта пагадзіўся іншы адыёзны дыктатар — Кадафі. Але ўжо ў снежні Амін пакінуў Лівію і перабраўся ў Саудаўскую Аравію.

Без намёкаў. Як “маленькая пераможная” вайна абярнулася супраць дыктатара

Праз дзесяць гадоў, у 1989-м, былы кіраўнік Уганды вырашыць, што народ мае тэрміновую патрэбу ў яго трыумфальным вяртанні. Але не атрымалася. Ён прыбыў у Дэмакратычную Рэспубліку Конга, каб пераможным маршам дайсці да Кампалы на чале групоўкі збунтаваных вайскоўцаў. Аднак яго развярнула кіраўніцтва Конга. 

Амін памёр сваёй смерцю ў Саудаўскай Аравіі ў 2003 годзе. Яму было 75 гадоў, апошнія з якіх ён моцна хварэў. А за месяц да смерці ўпаў у кому.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі