Без намёкаў. Як на рэферэндуме “за” аб'яднанне “прагаласавалі” 99% выбаршчыкаў

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя / калаж Улада Рубанава  

Спачатку ён увёў свае войскі ў краіну, а пазней правёў там рэферэндум па аб’яднанні. 

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як гітлераўская Германія анексавала Аўстрыю. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя.

Самым знакамітым актам анексіі XX стагоддзя ёсць далучэнне Аўстрыі Германіяй у 1938 годзе, для якога выкарыстоўваюць нямецкую назву “аншлюс”.

Пасля паразы ў Першай сусветнай вайне і развалу Аўстра-Венгрыі Аўстрыя з магутнай імперыі ператварылася ў кампактную дзяржаву. Населена яна была пераважна этнічнымі немцамі. Ужо тады многія ў абедзвюх дзяржавах марылі пра іх аб’яднанне, але гэта супярэчыла Версальскай мірнай дамове.

У 1933 годзе да ўлады ў Германіі прыходзіць ураджэнец Аўстрыі Адольф Гітлер. Дзяржаўны характар ​​набыла ідэя нацыстаў аб аб’яднанні ўсіх населеных немцамі земляў у рамках “Вялікай Германіі”. І першай мэтай “аб’яднальнікаў” стала менавіта Аўстрыя: аншлюс зрабіўся часткай афіцыйнага курсу знешняй палітыкі Германіі. У самой Аўстрыі далёка не ўсе віталі такое аб’яднанне. Мясцовыя палітыкі зусім не жадалі ператварэння Аўстрыі ў германскую правінцыю.

У 1934 годзе аўстрыйскія нацысты ўчынілі спробу дзяржаўнага перавароту, вядомую як “Ліпеньскі путч”. 154 змоўшчыкі, пераапранутыя ў аўстрыйскую вайсковую форму, уварваліся ў будынак урада і захапілі канцлера Энгельберта Дольфуса, параніўшы яго ў шыю. 

Аднак ён адмовіўся падпісаць дакументы аб перадачы ім улады. Яму адмовілі ў медыцынскай дапамозе — ён памёр ад страты крыві.

Іншая група путчыстаў захапіла радыёстанцыю і паведаміла пра пераход улады да новага ўрада. Гэта стала сігналам для паўстання прыхільнікаў “уз’яднання” па ўсёй краіне.

Відаць, нацысты спадзяваліся на лёгкую перамогу, мяркуючы, што войска і паліцыя да іх далучацца, а Германія пры неабходнасці ўвядзе свае войскі. Але нічога падобнага не адбылося. На працягу некалькіх дзён нацысцкі путч быў задушаны ўрадавымі войскамі. Пазней канцлерам краіны стаў Курт фон Шушынг, які, як і яго папярэднік, быў прыхільнікам незалежнасці Аўстрыі.

Аднак Гітлер не пакінуў сваіх планаў па аншлюсе Аўстрыі. Германія ўзмацніла дыпламатычны ціск на Аўстрыю, а таксама актывізавала працу сваіх спецслужбаў у гэтай краіне.

Канцлеру Шушынгу даводзілася ісці на кампрамісы. У 1936 годзе ён заключыў дамову аб сяброўстве з Германіяй, амніставаў некалькі тысяч асуджаных нацыстаў.

12 лютага 1938 года канцлер Шушынг быў выкліканы ў гітлераўскую рэзідэнцыю. Там пад пагрозай неадкладнага ваеннага ўварвання ён быў змушаны падпісаць прад'яўлены яму ўльтыматум, які фактычна ператварыў краіну ў пратэктарат Германіі.

12 сакавіка 1938 года нацысцкі лідар Зэйс-Інкварт стаў новым канцлерам. Нягледзячы на ​​гэта, вермахт у той жа дзень увайшоў у Аўстрыю. Аўстрыйскае войска супраціву яму не аказвала.

У той жа дзень у Аўстрыю прыбыў і сам Гітлер. 13 сакавіка ён урачыста заехаў у Вену. Неадкладна быў апублікаваны закон “Аб уз’яднанні Аўстрыі з Германскім рэйхам”.

Тым часам Гітлер і ў Аўстрыі адразу ж пачаў з арыштаў. На працягу некалькіх дзён пасля ўварвання былі арыштаваны і адпраўлены ў канцлагеры 70 тысяч сацыял-дэмакратаў, камуністаў і габрэяў.

Пасля задушэння апазіцыі і правядзення масіраванай прапагандысцкай кампаніі быў праведзены плебісцыт аб аб’яднанні Аўстрыі з Германіяй. Рэферэндум у Аўстрыі па аншлюсе з Германіяй праходзіў ужо 10 красавіка 1938 года разам з аналагічным рэферэндумам у Германіі. Ён ажыццяўляўся пад вялізным ціскам з боку нацысцкага рэжыму. Напрыклад, на бюлетэнях дыяметр ячэйкі “За” аншлюс быў амаль у два разы большы, чым “Супраць”. Па апублікаваных выніках, 99,73% галасоў было пададзена за зліццё з Германіяй пры ўсеагульнай яўцы 99,71%.

Аншлюс Аўстрыі быў паспяхова завершаны. Аднак Гітлер не збіраўся спыняцца на дасягнутым: ужо пасля ён заняўся акупацыяй Судэцкай вобласці Чэхаславакіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.