Без намёкаў. Як дыктатар шукаў бяссмерця і ў выніку стварыў некракратыю

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава

Ён на поўным сур’ёзе хацеў кіраваць вечна і ў пэўным сэнсе ў яго гэта атрымалася.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” узгадвае, як  Кім Ір Сен шукаў бяссмерця і ў выніку стварыў у Паўночнай Карэі некракратыю — форму праўлення з нябожчыкам на чале.

Прыйсці да ўлады, запужаць уласнае насельніцтва і ізалявацца ад амаль усяго свету для Кім Ір Сена было недастаткова. Паўночнакарэйскі дыктатар хацеў і смерць перамагчы, прынамсі ўсімі сродкамі яе адцягнуць.

Пад яго кіраўніцтвам КНДР выдзяляла значныя сродкі на медыцынскія даследаванні. Ён прызнаваў важнасць развіцця ўласнай медыцынскай прамысловасці і надзяляў навуковыя лабараторыі і інстытуты сучасным абсталяваннем і рэсурсамі. Гэта дазваляла праводзіць даследаванні ў вобласці распрацоўкі новых лекавых прэпаратаў і метадаў лячэння.

Без намёкаў. Як вусаты дыктатар нечакана памёр

Пра працу медыкаў, пакліканых падоўжыць жыццё дыктатара да 120 гадоў, расказала ў сваёй кнізе доктар Кім Са Ён. Па яе словах, аб неўміручасці Кім Ір Сен задумаўся ў 1977 годзе, калі яму было 65 гадоў. Ён стварыў цэлы навукова-даследчы інстытут, кіраўніцтва якім даручылі доктару Кім.

Над унікальным заданнем працавалі вядучыя паўночнакарэйскія медыцынскія спецыялісты. Каманда Кім Са Ён прааналізавала ўласцівасці 1750 траў, якія выкарыстоўваюцца ва ўсходняй медыцыне, і правяла шэраг эксперыментаў, каб знайсці спосабы падоўжыць жыццё і Кім Ір Сена, і яго сына Кім Чэн Іра.

Гэтая праца вялася да 1992 года. Доктар Кім расказала, што адным з галоўных спосабаў прадаўжэння жыцця былі прызнаныя пазітыўныя эмоцыі і стасункі. "Мы запрашалі камедыйных акцёраў і 5-6-гадовых дзяцей, якія рабілі чароўныя рэчы", — успамінае Кім Са Ён.

Любы выканаўца, здольны прымусіць правадыра смяяцца хаця б пяць разоў на дзень, атрымліваў званне Заслужанага артыста КНДР. Так была заснаваная трупа, якая да гэтага часу служыць для забавы і задавальнення паўночнакарэйскай палітычнай эліты.

Апроч гэтага яго асабістыя лекары ездзілі на Каўказ, каб вывучаць жыццё доўгажыхароў. Замежныя віны і дэлікатэсы закупляліся праз КДБ (пасля праверкі ў савецкіх лабараторыях).

Ва ўзросце 78 гадоў Кім Ір Сен пачаў патрабаваць, каб яму пералівалі кроў ад маладых мужчын. З-за вялізнага аб'ёму пераліванняў у дыктатара нават змянілася група крыві з АВ (IV) на В (III).

Інтэнсіўнае ўжыванне медыцынскіх прэпаратаў і пераліванне крыві дало пабочныя эфекты. У канцы 1980 года стан правадыра стаў пагаршацца, ён пакутаваў на атэрасклероз сасудаў галаўнога мозгу, верагодна, выкліканага стрэсам.

Краінай кіруе нябожчык

Яшчэ пры жыцці Кім задумаўся не толькі пра фізічную неўміручасць, але і пра захаванне сябе ў гісторыі. Ён прыдумаў ідэю "нязакончанай рэвалюцыі". Калі рэвалюцыя, распачатая ім, не завершаная, то яе павінен працягнуць той, хто з'яўляецца законным прадаўжальнікам яго справы. А хто ж яшчэ можа быць спадкаемцам Кім Ір Сена, як не яго сын Кім Чэн Ір?
Дваццаць гадоў ён рыхтаваў перадачу ўлады. Кім Ір Сен разумеў, што калі зоймецца падрыхтоўкай народа загадзя, людзі прызвычаюцца да думкі аб тым, што менавіта сын павінен стаць новым лідарам краіны. Бацька саджаў сына побач з сабой на ўсіх найважнейшых нарадах і сустрэчах. Замежным гасцям тлумачыў: “Я займаюся ў асноўным тэарэтычнымі пытаннямі, стратэгіяй. А мне дапамагае Кім Чэн Ір. Практычная работа на ім”.

Кім Ір Сэн памёр у 1994 годзе. 1 студзеня 1995 года ўсе чакалі, што па тэлебачанні з традыцыйным зваротам да народа выступіць сын і спадчыннік правадыра Кім Чэн Ір. Аднак гэтага не адбылося. Тэлебачанне паўтарыла леташні зварот ужо нябожчыка Кім Ір Сена.

Да старэйшага Кіма пачалі ставіцца так, нібы ён яшчэ жывы. Палац, у якім ён працаваў, пераўтварылі ў мемарыяльны комплекс. Тут праз год пасля яго смерці было ўсталяванае забальзамаванае цела Кім Ір Сена. Яму збудавалі грандыёзны магільны склеп.

Карэйцы тры гады трымалі жалобу. Усе былі ўпэўненыя, што урэшце Кім Чэн Ір стане прэзідэнтам замест бацькі. Але ён вырашыў інакш. 5 верасня 1998 года ў Паўночнай Карэі прынялі канстытуцыю ў новай рэдакцыі, якая назвала нябожчыка Кім Ір Сена "вечным прэзідэнтам". Такім чынам, улада ў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы належыць мёртваму чалавеку. То бок у краіне з'явілася новая форма дзяржаўнага ладу — некракратыя.

І хоць краінай цяпер кіруе ўжо яго ўнук Кім Чэн Ын, твар Кім Ір Сена па-ранейшаму можна ўбачыць паўсюль: на тэлеэкранах, партыйных значках, на паштовых марках. Ён глядзіць на сваіх падданых з гіганцкіх шчытоў, усталяваных ва ўсіх гарадах і вёсках.

Без намёкаў. Як дыктатар шукаў бяссмерця і ў выніку стварыў некракратыю

 / flickr/John Pavelka

Помнік у КНДР / flickr/John Pavelka

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі