Вы тут

Без агалоскі, але з Расіі сышоў і вытворца кітайскіх смартфонаў

Honor спыніў пастаўкі смартфонаў у Расію яшчэ ў сакавіку​ / topexp.ru

Кітайскі вытворца смартфонаў Honor прыпыніў пастаўкі ў Расію, піша выданне "Ведомости" са спасылкай на свае крыніцы сярод дыстрыб'ютараў.   

Афіцыйных заяваў пра зыход з расійскага рынку на фоне вайны і санкцый кампанія Honor не рабіла. Але пастаўкі смартфонаў гэтай маркі ў Расію спыніліся яшчэ ў сакавіку, расказалі выданню як мінімум два суразмоўцы. Цяпер ідзе пошук схем, як арганізаваць так званы "паралельны імпарт" , гэта значыць, увоз прадукцыі без дазволу праваўладальніка. Кампанія шукае партнёраў у Арменіі, Грузіі, ужо ёсць дамоўленасці ва Узбекістане, каб увозіць у Расію смартфоны праз гэтыя краіны.

Пры гэтым выданне адзначае — са спасылкай на партнёра даследчай кампаніі Data Insight Фёдара Вірына, — што кітайскія кампаніі адмаўляюцца цяпер пастаўляць сваю прадукцыю ў Расію не праз санкцыі, а праз складанасці з лагістыкай.

"Прывезці што-небудзь у Расію цяпер вельмі дорага і складана. Кантэйнераў няма, танныя марскія шляхі закрытыя, жалезныя дарогі забітыя, і не ўсе памежныя пераходы працуюць", — тлумачыць эксперт.

Нагадаем, раней расійская прэса пісала, што праз зыход буйных вытворцаў электронікі з расійскага рынку у Расіі паўстаў дэфіцыт запчастак. Каб адрамантаваць ноўтбукі і смартфоны, майстэрні вымушаныя разбіраць на запчасткі іншыя старыя і нават новыя апараты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.