"Белую Русь" хочуць перайменаваць у Партыю народнага адзінства
Пра гэта заявіў намеснік старшыні РГА "Белая Русь" Аляксандр Шацько.
Бліжэйшым часам рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" можа стаць Партыяй народнага адзінства. Пра гэта заявіў намеснік старшыні арганізацыі Аляксандр Шацько ў праграме "Аб'ектыўна" на тэлеканале АНТ.
Гаворкі пра пераўтварэнне "Белай Русі" ў партыю ўзнікаюць з перыядычнасцю ў некалькі гадоў. Шацько паведаміў, што яна магла стаць партыяй яшчэ дзесяць гадоў таму. Але маніторынгу паказаў, што большасць удзельнікаў грамадскага аб'яднання не хочуць такога пераўтварэння: чальцы "Белай Русі" не хацелі займацца палітыкай.
"Мы казалі яшчэ ў 2010 годзе і працягваем казаць далей, што ў нас ёсць працоўная назва — Партыя народнага адзінства. Год, які стаў годам народнага адзінства, вельмі лагічны для нас. І ўся праграма, усе тыя функцыі, да якіх мы падыходзілі, на сённяшні дзень адлюстраваныя ў грамадстве", — заявіў Шацько.
Па яго словах, неўзабаве адбудзецца з'езд арганізацыі, на якім будзе разглядацца і пытанне пра пераўтварэнне яе ў партыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.