Вы тут

"Белэнерга" абвяргае пастаўкі электраэнергі з БелАЭС у Літву

Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Дзяржаўны канцэрн "Белэнерга" абвяргае інфармацыю пра тое, што 12% электраэнергіі, якая спажываецца ў Літве, вырабленая на Беларускай АЭС.

Такія лічбы з'явіліся напярэдадні ў літоўскіх СМІ. Паведамлялася, што гэтая электраэнергія з БелАЭС каштуе Літве 11 мільёнаў еўра.

Як вядома, літоўскі Сейм прызнаў БелАЭС пагрозай нацыянальнай бяспецы і на заканадаўчым узроўні забараніў купляць электраэнергію, вырабленую на ёй. 

У прэс-службе "Белэнерга" заяўляюць, што звесткі пра электраэнергію з БелАЭС у Літве не адпавядаюць рэчасінасці. 

"Падобна, на фоне шматразовых спробаў дыскрэдытаваць праект БелАЭС літоўскі бок вырашыў звярнуцца да ўкідаў ілжывай інфармацыі. Бо фэйкі цяпер, як кажуць, у трэндзе.

12% — лічба немалая, выклікае пытанні. І для таго, каб пераканацца ў яе аб'ектыўнасці, перш за ўсё варта зайсці на сайт Літоўскага сістэмнага аператара Litgrid, а там чорным па белым паказаная велічыня камерцыйнага ператоку электраэнергіі з боку Беларусі. І яна роўная нулю, у адпаведнасці з прынятымі ў Літве рашэннямі аб спыненні закупак беларускай электраэнергіі", — заяўляюць у беларускім дзяржаўным канцэрне.

У "Белэнерга" паведамляюць, што з моманту сінхранізацыі першага энергаблока БелАЭС з энергасістэмай краіны выпрацаваны першы мільярд кілават-гадзін электраэнергіі. Гэты аб'ём быў выкарыстаны для ўнутраных патрэбаў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.