"Белавія" запускае новыя рэйсы ў Тэль-Авіў па змененым маршруце

Самалёт "Белавія" / БЕЛТА
Самалёт "Белавія" / БЕЛТА

"Белавія" аднаўляе палёты ў Тэль-Авіў, але па іншым маршруце. Лётаць па-старому не выходзіць праз вайну — Расія закрыла для грамадзянскай авіяцыі частку сваёй паветранай прасторы на поўдні краіны. Таму "Белавія" адмяняе стары расклад палётаў у Ізраіль з 1 чэрвеня 2022 года па 23 сакавіка 2023 года.

Цяпер самалёты нацыянальнага перавозчыка будуць лётаць у Тэль-Авіў па чацвяргах і нядзелях, аблятаючы закрытую зону. Працягласць палёту складзе каля 9 гадзін.

У чацвер борт "Белавія" будзе вылятаць з Мінска ў 11.50, прыбыццё ў Тэль-Авіў мяркуецца ў 20.30. Назад самалёт вылятае ў 21.30, прыбыццё ў Мінск — 06.15.

У нядзелю вылет з Мінска будзе ў 13.20, у 22.00 борт будзе ў Тэль-Авіве. Назад самалёт вылеціць у 23.00, прыбыццё ў Мінск — 07.45.

У "Белавія" таксама адзначылі, што ў сувязі са скасаваннем ранейшых рэйсаў пасажыры могуць вярнуць грошы за білеты альбо залічыць кошт ужо набытага авіябілета для набыцця новага з даплатай на рэйс з прамежкавай пасадкай. 

Акрамя таго, у кампаніі папярэдзілі, што на новых рэйсах будзе дзейнічаць шэраг абмежаванняў, якія тычацца правозу дадатковага і негабарытнага багажу, жывёл і музычных інструментаў у багажным адсеку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі