Беларусы з COVID-19 могуць не плаціць за лекі, але лекары пра гэта маўчаць

У мінскай аптэцы / Еўрарадыё​
У мінскай аптэцы / Еўрарадыё​

У рэдакцыю Еўрарадыё звярнуўся мужчына, сям'я якога перахварэла на каранавірус. Ён знайшоў на сайце прававой інфармацыі дакументы пра тое, што беларусы, якія лечацца ад COVID-19 дома, маюць права атрымліваць лекі бясплатна. Але за час лячэння ні адзін лекар яму пра гэта не сказаў.

"Больш таго, як аказалася, многія лекары пра гэта ўпершыню чуюць, — абураецца наш слухач. — Думаю, што агалоска гэтай сур'ёзнай праблемы дапаможа вырашыць усе пытанні, бо грошы на лячэнне трацяцца вельмі сур'ёзныя: у нас выйшла ў суме дзесьці па рублёў 300 на чалавека".

Сапраўды, 15 чэрвеня 2020 года Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову №344, па якой інфекцыя COVID-19 унесеная ў пералік захворванняў, якія даюць права пацыентам, якія праходзяць лячэнне дома, атрымліваць лекі бясплатна. Спіс прэпаратаў зацверджаны загадам Міністэрства аховы здароўя ад 5 чэрвеня 2020 года №615 "Аб аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19". Да іх адносяцца:

парацэтамол 500 мг (таблеткі);

азітраміцын 500 мг і 250 мг (таблеткі капсулы);

амаксіцылін / клавуалонавая кіслата 875/125 мг (таблеткі);

кларытраміцын 500 мг (таблеткі);

цэфураксім аксетыл 500 мг (таблеткі);

левафлаксацын 750 мг (таблеткі).

Але ні наш слухач, ні журналісты Еўрарадыё, якія перахварэлі на COVID-19, бясплатных лекаў не атрымалі. Чаму? Можа быць, ёсць нейкія выключэнні, па якіх нам яны не належалі?

Белорусы с COVID-19 могут не платить за лекарства, но врачи об этом молчат

Бясплатныя лекі? Не, не чулі

З 40 беларусаў, якія перахварэлі на каранавірус, толькі двое кажуць Еўрарадыё, што ведалі пра бясплатныя лекі. Адзін прачытаў пра іх у інтэрнэце, другому расказалі сябры.

"Лекары не прапаноўвалі. Калі я спытала, ці можна неяк атрымаць лекі бясплатна, адказалі, што тое, што мне трэба, бясплатна не выпісваюць", — тлумачыць нам мінчанка Наталля.

Гэта яшчэ цікавей. Тое, што трэба, бясплатна атрымаць нельга, а бясплатна можна атрымаць толькі тое, што не трэба? Як тлумачаць гэта самі медыкі?


 

У паліклініку, як у "стол заказаў", са сваімі спісамі лекаў

Галоўны доктар 25-й цэнтральнай паліклінікі Маскоўскага раёна Мінска Мікалай Зубялевіч запэўнівае, што пацыентам расказваюць пра іх правы. Праўда, многія з тых, хто захворвае, прыходзяць у паліклініку, як у "стол заказаў", са сваімі спісамі лекаў, якімі хочуць лячыцца.

Белорусы с COVID-19 могут не платить за лекарства, но врачи об этом молчат

Мы прыводзім у прыклад гісторыю двух сваякоў, якія лячыліся амбулаторна пад наглядам лекараў з 25-й паліклінікі. Ім прызначалі дарагія антыбіётыкі, пры гэтым адзін з іх не падышоў, у жанчыны былі ўскладненні — давялося купляць іншыя лекі. У выніку лячэнне для сям'і абышлося ў капеечку.

Галоўны доктар перанакіроўвае нас да свайго намесніка па медчастцы Вольгі Шыманец. Яна тут жа запісвае адрас сям'і пацыентаў, якіх не папярэдзілі аб ільготах.

Белорусы с COVID-19 могут не платить за лекарства, но врачи об этом молчат

"Трэба вырашыць пытанне з доктарам, які не паінфармаваў, — просіць прабачэння намесніца галоўнага доктара. — Можа быць, нейкія асобныя лекары і не кажуць, але ўсе паінфармаваныя, загад такі ёсць. Я звярну на гэта ўвагу, дзякуй".

Яна таксама дадае, што цяпер антыбіётыкі ў паліклініцы №25 выпісваюцца рэдка ("выпісваюцца па льгоце") і толькі тады, калі далучаецца бактэрыяльная інфекцыя.

 

Лячэнне пацыенту прызначылі ў бальніцы

У мінскай паліклініцы №12 таксама запісваюць адрас былога пацыента, які расказаў, што яго не папярэдзілі пра бясплатныя лекі.

Праз некалькі гадзін нам тэлефануюць і тлумачаць: пацыент са старту звярнуўся па дапамогу ў бальніцу. Там яму зрабілі аналіз крыві, КТ, узялі мазок на ПЛР. Там жа прызначылі лекі — у тым ліку і антыбіётык. Маўляў, паліклініка да гэтай сітуацыі дачынення не мае.

Белорусы с COVID-19 могут не платить за лекарства, но врачи об этом молчат

Але ўсё ж у паліклініцы прызнаюць: паколькі далейшае назіранне пацыента праходзіла пад іх наглядам, яны павінны былі папярэдзіць яго пра бясплатныя лекі: "Мы выпісваем ільготныя рэцэпты [на бясплатныя лекі. — Еўрарадыё], якія атаварваюцца ў аптэках. Фінансаванне — бюджэтнае, як і на ўсю льготную выпіску", — дадае намесніца галоўнага доктара па медчастцы Таццяна Ражнова.

Белорусы с COVID-19 могут не платить за лекарства, но врачи об этом молчат

Не хочуць лячыцца беларускім, а парацэтамол і так танны

"Лекары ў курсе, што такая пастанова ёсць, — расказвае Еўрарадыё Юрый Паповіч, намеснік галоўнага доктара па МЭіР паліклінікі №17 у Мінску. — Не гатовы адказаць, чаму не папярэджваюць. Я лічу, калі пастанова ёсць, павінны выпісваць бясплатна. Але пры лёгкім і бессімптомным праходжанні ці, дапусцім, калі ёсць толькі тэмпература, прызначаецца парацэтамол, які і так каштуе капейкі".

У інфекцыйным кабінеце мінскай бальніцы №13 запэўніваюць, што людзям прапануюць атрымліваць лекі бясплатна. Але ў аптэках па льготных рэцэптах адпускаюцца толькі медыкаменты беларускай вытворчасці.

"Большасць пацыентаў хочуць купляць імпартныя за поўны кошт, а не беларускія па льгоце", — тлумачаць нам.

 

Што ў выніку?

Многія сутыкаліся з сітуацыяй, калі ў аптэцы ім прапаноўвалі набыць імпартныя лекі, спасылаючыся на тое, што яны больш якасныя. Ёсць тыя, якія гатовыя пераплаціць, але не купляць айчынныя прэпараты. З іншага боку, не кожнаму па кішэні дарагое лячэнне, асабліва калі "каронай" заразіліся адразу некалькі сямейнікаў. І як недарэчы, калі ў такіх выпадках лекары забываюць, што беларускімі лекамі можна лячыцца бясплатна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі