Беларусы ў Германіі: тут кожны можа хадзіць ці вывесіць з акна любы сцяг

Акцыя беларусаў у Берліне 29 снежня / Вераніка Круглова, фэйсбук
Акцыя беларусаў у Берліне 29 снежня / Вераніка Круглова, фэйсбук

14 студзеня старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, гаворачы пра БЧБ-сімволіку, заявіла, што ў іншых краінах на неўстаноўленыя сцягі дзейнічае "жэстачайшая забарона". "Паспрабавалі б у Германіі вывешваць або выходзіць з імі", — сказала чыноўніца.

Еўрарадыё пагутарыла на гэту тэму з беларусамі на эміграцыі. Аказалася, што Наталля Іванаўна ўсё ж схітравала.

Вераніка Круглова, музыка і заснавальніца беларускага гурта KRIWI, жыве ў Берліне з 2004 года. Яна не раз арганізоўвала акцыі і ўдзельнічала ў пікетах у нямецкай сталіцы. Ніякіх праблем з сімволікай у спявачкі ніколі не ўзнікала.

— Ці ўзнікалі якія-небудзь пытанні да бел-чырвона-белых сцягоў у нямецкай паліцыі падчас вашых пікетаў?

— Любая сімволіка дазволеная ў Германіі, акрамя фашысцкай. Тут кожны можа хадзіць ці вывесіць з акна кватэры, машыны свой уласны сцяг, любой краіны або свой сямейны. Які пажадаеце! Падчас нашых зарэгістраваных акцый паліцыя нас ахоўвае, — адказвае Вераніка. — Зарэгістраваць акцыю не складана зусім, гэта можа зрабіць кожны. Адзіночны пікет можна не рэгістраваць.

З Веранікай згаджаецца Ганна з Брэмена. Беларусы выходзяць на пікеты ў яе горадзе амаль кожны тыдзень пачынаючы са жніўня. Да БЧБ-сцягоў пытанняў ні ў кога не было.

— Стыхійна гэта рабіць нельга, асабліва праз пандэмію каранавіруса. Таму кожны раз за дні чатыры трэба падаваць заяўку. Потым прыходзіць дазвол, з месцам правядзення і часам. Бо ёсць і іншыя акцыі, усё павінна рэгулявацца. Паліцыя кантралюе, каб паміж удзельнікамі вытрымлівалася неабходная дыстанцыя.

Сцягі — калі ласка. На вокнах і балконах у Брэмене можна ўбачыць БЧБ-сцягі. Тут гэта нармальна. Тут шмат замежнікаў, і кожны можа павесіць свой сцяг, або лозунг, або вясёлкавы сцяг.

Белорусы в Германии: здесь каждый может ходить или вывесить из окна любой флаг
Акцыя ў Стакгольме / Аліна Янчур, фэйсбук

Аналагічная сітуацыя з "неўстаноўленай сімволікай" у Швецыі, расказвае Еўрарадыё беларуска Аліна Янчур:

— Са сцягамі праблем няма, усім цікава нават. Тут і чылійцы, і кітайцы праводзілі акцыі, усе са сцягамі сваіх рухаў. Ні ў кога пытанняў не было.

Вось толькі тут трэба дазвол на масавыя мерапрыемствы. Мы былі аднойчы без дазволу, прыйшлі паліцэйскія, распытвалі, хто мы, і сказалі, каб без дазволу не прыходзілі. Гэта нібыта ў мэтах бяспекі. Калі на нас нападуць, напрыклад, нязгодныя з нашымі лозунгамі. Каб паліцыя была побач і магла нас абараніць.

У Іспаніі і зусім заяўку на правядзенне акцыі можна не падаваць, калі колькасць удзельнікаў мерапрыемства не будзе перавышаць 20 чалавек. Іспанка Анхела Эспіноса Руіз некалькі разоў удзельнічала ў пікетах у падтрымку беларусаў-пратэстоўцаў у Малазе.

Белорусы в Германии: здесь каждый может ходить или вывесить из окна любой флаг
Акцыя ў Малазе / Анхела Эспіноса Руіз, фэйсбук

–– Падчас акцый пытанні былі толькі аб тым, колькі нас будзе! Калі больш за 20 чалавек або марш будзе ісці па горадзе, трэба падаць заяўку загадзя, каб паліцыя нас абараняла. І праз вірус бывае па-рознаму, меры змяняюцца раз-пораз. 

Наконт сцягоў паліцыя казала, што яны вельмі прыгожыя, харошыя колеры. І пажадала поспехаў у абароне правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі