Вы тут

Беларусу, які падпаліў дзверы амбасады ў Бруселі, далі тры гады ўмоўна

Дзверы ў беларускай амбасадзе ў Бруселі

Беларусу Антону, які ў жніўні 2021-га падпаліў дзверы беларускай амбасады ў Бруселі, дал тры гады ўмоўна. Пра гэта ён сам распавёў журналістам партала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім.

Здарэнне адбылося ў ноч з 8 на 9 жніўня. Антон, які пражывае ў Бельгіі, падпаліў дзверы амбасады Беларусі. Гэтым ён хацеў паказаць, што "беларусы за мяжой памятаюць пра фальсіфікаваныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў, і трохі прычыніць шкоду".

У будынку быў ахоўнік, які пры здарэнні не пацярпеў. Аднак беларуса абвінавацілі ў "падпале будынка ўначы, у якім знаходзіліся людзі". Паводле бельгійскага заканадаўства яму пагражала ад 15 да 20 гадоў зняволення.

Аднак суддзя, пракурор і адвакат Антона прыйшлі да кампрамісу: беларуса вырашылі прызнаць вінаватым з адмовай ад выканання пакарання ці ў якасці альтэрнатывы прысудзіць грамадскія працы.

Праўда, потым справа была перададзеная ў суд вышэйшай інстанцыі. Пры гэтым з Антона знялі абмежаванні на выезд з Бельгіі, і ён нават з'ездзіў у Харкаў з гуманітарнай місіяй.

У выніку суд прысудзіў беларусу тры гады ўмоўна — столькі, колькі запрасіў пракурор.

Па словах Антона, калегія суддзяў пасля нарады вырашыла, што наогул адмовіцца ад пакарання або абмежавацца грамадскімі працамі было б незаконна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.