Беларускія праваабаронцы абвясцілі 21 траўня Днём палітвязня

На гэты момант у Беларусі 1202 палітычныя зняволеныя. А ўсяго за апошнія два гады гэты статус атрымаў 1481 чалавек.

Але менавіта ў гэты дзень — 21 траўня 2021 года — у шклоўскай калоніі №17 пры нявысветленых абставінах памёр палітычны зняволены актывіст Вітольд Ашурак, — нагадваюць праабаронцы і заклікаюць узгадаць Вітольда, падтрымаць палітычных зняволеных і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызвалення.

Таксама праваабаронцы нагадалі, хто такія палітычныя зняволеныя ў Беларусі, чаму іх больш, чым прызнана афіцыйна, і як можна іх падтрымаць.
 

Хто такія палітычныя зняволеныя? 

Калаж праваабаронцаў аб пратэстах і рэпрэсіях у Беларусі

Праваабаронцы прызнаюць палітзняволенымі дзве катэгорыі грамадзян. Першая — тыя, хто абараняў свае правы і свабоды негвалтоўна. Часцей за ўсё іх у Беларусі абвінавачваюць па арт. 342 КК — удзел у масавых беспарадках.

Альбо гэта дыфамацыйныя артыкулы, калі абвінавачанне прад’яўляецца за пакінутыя  альбо сказаныя ў адрас “прадстаўнікоў улады” негатыўныя каментары, — тлумачць праваабаронцы.

Таксама палітзняволенымі прызнаюць тых, хто мог ужываць гвалт альбо парушаць пэўныя нормы падчас дзейнасці па абароне правоў і свабод.

Напрыклад, пашкоджанне дзяржаўнай маёмасці.

Тады праваабаронцы чакаюць прысуду і разглядаюць, наколькі ён адрозніваецца ад прысудаў па звычайных ранейшых справах. Калі такое адрозненне ёсць і яно значнае, чалавека прызнаюць палітвязнем.

Таксама палітычнымі зняволенымі могуць быць прызнаныя людзі, адбываючыя адміністратыўны арышт. Кожная справа, у якой тэрмін зняволення павялічваецца ў другі, трэці, чацвёрты раз без аб’ектыўных прычын, разглядаецца індывідуальна.

Чалавека могуць не прызнаваць палітвязнем, калі ён мог нешта парушыць, а прысуду яшчэ не было. Таксама не пра ўсе кейсы вядома.
 

“Важна адчуваць, што яны не адны, не злачынцы”

Палітвязням важна ведаць, што пра іх не забылі / фото праваабаронцаў

За апошнія два гады палітвязнямі ў Беларусі сталі людзі самых розных узростаў і прафесій. За кратамі стаўленне да “палітычных” значна адрозніваецца ад “не палітычных”, падкрэсліваюць праваабаронцы.

Палітвязням абмяжоўваюць ліставанне і любую камунікацыю з вонкавым светам, ціснуць псіхалагічна, змяшчаюць у ШЫЗА і не надаюць медычную дапамогу. А ў 2021 годзе “палітычных” пачалі пазначаць жоўтымі нашыўкамі — першым пра гэта распавёў у лістах Вітольд Ашурак.

Умовы ўтрымання палітычных зняволеных не паляпшаюцца. Але кожнаму і кожнай з іх вельмі важна адчуваць, што яны не адны, што пра іх памятаюць і ведаюць, што яны — не злачынцы.

Падтрымаць палітзняволеных можна лістом ці паштоўкаю салідарнасці нават онлайн. Калі не ведаеце, што можна напісаць, падказка ў кароткім гайдзе.

Таксама можна дасылаць пасылкі, грашовыя пераводы, телеграмы. Можна распавядаць гісторыі палітвязняў у сацсетках з хэштэгам #МойСябраПалітвязень. Даведацца больш аб дапамозе палітвязням можна на сайце беларускіх праваабаронцаў. 

Наша сіла ў салідарнасці! — рэзюмуюць правабаронцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.