Беларускім і расійскім лёгкаатлетам пацвердзілі забарону на ўдзел у еўрапейскіх спаборніцтвах "да заканчэння вайны ва Украіне". Пра гэта 15 сакавіка паведамляе Еўрапейская лёгкаатлетычная асацыяцыя.
Санкцыі супраць лёгкай атлетыкі Беларусі і Расіі былі ўведзеныя 1 сакавіка 2022-га, на пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны.
У заяве падкрэсліваецца, што пазіцыя наконт забароны для спартсменаў і афіцыйных асоб застаецца нязменнай. Яна датычыць і спаборніцтваў, і ўсіх іншых мерапрыемстваў.
У той жа час Еўрапейская лёгкаатлетычная асацыяцыя абяцае далейшую падтрымку Федэрацыі лёгкай атлетыкі Украіны, "каб спартсмены з гэтай краіны ўсё яшчэ маглі рэалізаваць свой патэнцыял, нягледзячы на трагічную сітуацыю ў краіне".