Беларуская статыстыка па COVID разыходзіцца з еўрапейскай і сусветнай: як так?

/ pixabay
/ pixabay

Статыстыка Мінздароўя па сітуацыі з каранавірусам у Беларусі выклікае сумневы. Як такое можа быць, што ў краіне, дзе толькі нядаўна сталі ўводзіць абавязковы масачны рэжым, колькасць выяўленых выпадкаў COVID-19 толькі з 10 лістапада пераваліла за тысячу ў дзень, а колькасць памерлых пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй — як пад лінеечку?

Еўрарадыё параўнала сусветныя паказчыкі захваральнасці і смяротнасці. Беларусь прыкметна выбіваецца.

Дык колькі хворых?

Дзякуючы перыядычным інсайдам ад медыкаў мы ведаем, што рэальная колькасць выяўленых выпадкаў COVID-19 у Беларусі сур'ёзна перавышае тую самую тысячу чалавек. Паводле нядаўняй інфармацыі, яна можа скласці 12 тысяч за суткі. А афіцыйна — 1,3 тысячы.

Цяпер вывучым лічбы. За мінулыя два тыдні сярэдні прырост інфікаваных COVID-19 у Еўропе ў параўнанні з папярэднімі склаў 27%. А ў асобна ўзятай Беларусі, па афіцыйных звестках, усяго 19%.

Белорусская статистика по COVID-19 расходится с европейской и мировой: как так?
Графік двухтыднёвага прыросту захваральнасці

У некаторых краінах Еўропы захваральнасць нават зніжалася. Але, напрыклад, у Швецыі, якая, як і Беларусь, фактычна адмовілася ад любых абмежавальных мер, прырост склаў 144%!

Менш палохаюць лічбы ў Даніі. Але яны таксама паказальныя: гэтая краіна мае самы вялікі на кантыненце ахоп па тэставанні. Там прырост склаў 29%.

У суседняй Украіне двухтыднёвы прырост — на 47%, у Расіі — на 22%, у Польшчы — на 68%, у Літве — на 146%, а ў Латвіі — на 73%. І побач з імі Беларусь са сваімі 19%!

Параўнаем наша становішча і па іншым паказчыку. Напрыклад, у Польшчы каранавірус выяўлены ў 18,8 тысячы чалавек на 1 мільён (графікі даступныя тут). Пры такіх суадносінах у Беларусі сумарна павінна быць не менш за 178,6 тысячы выпадкаў. Увогуле ў Еўропе COVID-19 выяўлены практычна ў кожнага 53-га, гэта значыць для Беларусі гэта было б каля 180 тысяч.

Лічба 260 тысяч выяўленых выпадкаў каранавіруса ў Беларусі, якую апублікавалі "Белые халаты", цалкам карэлюе з паказчыкамі такіх краін, як Нідэрланды, Славенія або Швейцарыя. Пры тым што афіцыйны ахоп тэставаннем там ніжэйшы.

А што з тэставаннем у Беларусі?

Цікава, што задэклараваны ахоп тэставаннем ва ўсіх краін-суседзяў, акрамя Літвы, прыкметна ніжэйшы, чым у Беларусі. Але колькасць станоўчых тэстаў у большасці краін Еўропы вышэйшая.

Так, у Беларусі, па афіцыйных звестках, станоўчы вынік 14 лістапада паказала каля 3,8% тэстаў. Для параўнання: у Латвіі — 5,1% , у Літве — 15,3%, а ва Украіне — 21,1%.

Белорусская статистика по COVID-19 расходится с европейской и мировой: как так?
Графік змянення станоўчых вынікаў тэстаў на COVID-19

Зрэшты, і тут Мінздароўя максімальна ўскладняе магчымасць вылічэнняў. Так, па афіцыйных звестках, у нас высокі ахоп тэставаннем. Пры гэтым невядома, якой колькасці людзей аналізы праводзяцца паўторна. Бо аднаму чалавеку можна зрабіць і адзін тэст, і пяць.

Цікавую інфармацыю на мінулым тыдні агучыў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка. Паводле яго слоў, узровень калектыўнага імунітэту ў Беларусі пасля "першай хвалі" ацэньваецца ў 15-20%. Гэта значыць, інфікаваных можа быць каля 1,5 мільёна. Калі пры дэклараваным беларускімі ўладамі ахопе тэставаннем выяўлена так мала выпадкаў ад гэтага ліку (каля 115 тысяч), то ўзнікаюць пытанні або да якасці тэстаў, або да іх рэальнай колькасці.

А што па смерцях?

Смяротнасць ад каранавіруса ў Беларусі — сапраўдная эпідэміялагічная анамалія. У Беларусі загінулі толькі 0,92% ад агульнай колькасці інфікаваных. Ва Украіне смяротнасць амаль у два разы вышэйшая — 1,78%. Падобныя лічбы і ў Расіі. А ў Швецыі, дзе з каранавірусам таксама асабліва не змагаліся, смяротнасць складае 3,48%.

Сярэднесусветны паказчык, дарэчы, складае каля 3%. Пры гэтым вылічваць яго досыць цяжка з прычыны асаблівасцяў вядзення ўліку ў розных краінах і адсутнасці ўяўлення пра рэальную колькасць тых, хто захварэў.

У Беларусі смяротнасць ад каранавіруса сапраўды можа быць ніжэйшая, чым у тых жа Італіі або ЗША. Бо ў нас і праўда параўнальна няшмат дамоў састарэлых і ёсць інфекцыйныя бальніцы.

Яшчэ летам мы даведаліся, што смяротнасць у другім квартале 2020 года ў Беларусі на 5,6 тысячы перавысіла аналагічную лічбу з 2019-га. Звестак па трэцім квартале ААН яшчэ не публікавала. І, цалкам магчыма, больш не апублікуе. Але наўрад ці такі рост смяротнасці ніяк не звязаны з каранавірусам.

Калі мы лічым, што рэальная колькасць інфікаваных у Беларусі складае не менш за 260 тысяч, то пры сярэднесусветнай смяротнасці 3% ад COVID-19 да цяперашняга моманту павінна было загінуць каля 8 тысяч беларусаў. Гэта лічба цалкам карэлюе з перавышэннем па смяротнасці ў другім квартале. 

Чакаць канца "другой хвалі" яшчэ доўга. І афіцыйна, і не

Вечарам 15 лістапада галоўны санітарны доктар Беларусі Аляксандр Тарасенка заявіў, што выхаду на плато па захваральнасці варта чакаць толькі да снежня — студзеня. Нагадаем, плато — гэта калі рост колькасці новых выпадкаў стабілізуецца, але яшчэ не ідзе на спад. Колькі выпадкаў каранавіруса да гэтага моманту будзе папраўдзе і колькі афіцыйна — вялікае пытанне.

Белорусская статистика по COVID-19 расходится с европейской и мировой: как так?
Прагноз па росце колькасці інфікаваных каранавірусам у Беларусі / IHME

Зрэшты, нават на аснове афіцыйна публікаваных звестак навукоўцы прагназуюць рост захваральнасці (і смяротнасці, хоць афіцыйная статыстыка па смерцях пакуль ніяк не карэлюе з колькасцю станоўчых тэстаў) на каранавірус у Беларусі аж да канца сакавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі