Беларускаму рублю ўжо было балюча праз расійскую вайну: можа быць яшчэ горш

У беларускага рубля могуць з'явіцца праблемы, сур'ёзнейшыя за дэвальвацыю 2014 года / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У беларускага рубля могуць з'явіцца праблемы, сур'ёзнейшыя за дэвальвацыю 2014 года / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Апошнія тыдні на фоне абвастрэння адносін Расіі і Украіны расійскі рубель падаў, а за ім каціўся ў адносінах да долара і еўра беларускі. Канфлікт паміж Расіяй і Украінай ужо прывёў да дэвальвацыі беларускага рубля ў 2014 годзе.

Еўрарадыё паглядзела, што адбываецца на валютным рынку, і згадала, што было з беларускім рублём у часе канфлікту ў 2014 годзе. Мяркуючы з досведу, беларускі рубель зноў чакаюць праблемы, але крызіс будзе іншы.
 

Рублі плаваюць у залежнасці ад навін пра вайну

Белорусскому рублю уже было больно из-за российской войны: может быть ещё хуже
Расійскі рубель стаў мацнець праз навіны пра дыялог, а не эскалацыю / Еўрарадыё

Пакуль устойлівых трэндаў на валютным рынку не назіраецца, адзначае старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб. Пытанне ў тым, што будзе далей з супрацьстаяннем Расіі і Украіны. Расійскі рубель нават крыху падрос да беларускага на таргах 27 студзеня. Працягваецца рост і 28 студзеня.

— Гэта адыгрываліся падзеі літаральна за вечар 26 студзеня. Тады ў Расіі долар дасягнуў адзнакі 80,4 расійскага рубля, але ўжо позна ўвечары выйшла навіна пра адказ ЗША і НАТА на расійскі ўльтыматум.

Там нічога моцна абнадзейлівага для Расіі не было. У ліку іншага гаворка ішла пра тое, што Захад гатовы весці з Масквой перамовы пра абмежаванне наступальных ядзерных узбраенняў у Еўропе. Рынкі вырашылі, што гэта дае шанц на пэўную дээскалацыю.

Потым з'явіліся навіны пра тое, што расійскія войскі пасля заканчэння вучэнняў пакінуць Беларусь. І расійскі рубель крыху ўмацаваўся. Разам з расійскім рублём да долара і еўра мацнее беларускі. Долар апусціўся да мінімуму за чатыры дні на таргах 28 студзеня, аднак усё яшчэ на самых высокіх значэннях амаль за 9,5 месяца. Да закрыцця таргоў долар каштаваў 2,6149 беларускага рубля.

Курс долара з красавіка 2021 года / звесткі Нацбанка

— 26 студзеня прайшло пасяджэнне ФРС ЗША. Там было дастаткова выразна заяўлена, што з сакавіка ФРС пачне падвышаць стаўку і пачне згортваць работу друкарскага станка. То-бок калі раней дадатковыя долары траплялі ў эканоміку, іх туды накіроўваў амерыканскі рэгулятар для куплі каштоўных папер, то зараз пачнецца адваротная палітыка.

Раней набытыя паперы рэгулятар пачне прадаваць і, адпаведна, забіраць грошы з рынку. Вось гэтая навіна прывяла да таго, што долар ЗША расце да ўсіх сусветных валют.
 

Было б прасцей, калі б вайна была чужая

Вайна Расіі з Украінай прывядзе да дадатковага падзення рубля да долара і еўра.

На думку незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, імавернасць узброенага канфлікту ва Украіне высокая. Згодна з аналізам інвестыцыйнай кампаніі "Рэнесанс Капітал", у выпадку эскалацыі абясцэньванне расійскага рубля можа скласці да 20%, адзначае аналітык у праграме"Эканоміка з Чалым". І частку гэтага шляху расійскі рубель ужо прайшоў.

Белорусскому рублю уже было больно из-за российской войны: может быть ещё хуже
Курс расійскага рубля ў Беларусі ў студзені 2022 года / звесткі Нацбанка

— Гэта можа вельмі хутка стаць нашай вайной. З улікам таго, што тут знаходзяцца расійскія войскі, Захад ужо наўпрост папярэдзіў Беларусь, што калі будзе ўварванне расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, то будуць дадатковыя санкцыі менавіта супраць Беларусі, — кажа Вадзім Іосуб. — Можна ўспомніць заяву беларускага боку, што калі пачнецца вайна паміж Кіевам і Масквой, то Беларусь убаку стаяць не будзе і абавязкова ў гэтай вайне ўдзел возьме.

У такім выпадку, акрамя санкцый і іншых негатыўных наступстваў, умацавання да расійскага рубля не будзе, лічыць аналітык. Долар і еўра будуць расці да рублёў прыкладна аднолькава.
 

Будзе дрэнна, але не як у 2014 годзе

У 2014 годзе расійскі рубель прайшоў сумны шлях. З каля 33 рублёў за долар у пачатку года ён абрынуўся да 73 рублёў за долар у снежні.

— Да самага канца года ён усё ж падняўся да 55 рублёў за долар, але ўсё роўна гэта розніца больш чым у паўтара раза з пачатку года.

Аднак прыклад 2014 года не зусім рэлевантны для цяперашняй сітуацыі. Тады беларускі рубель не пайшоў уніз разам з расійскім.

Белорусскому рублю уже было больно из-за российской войны: может быть ещё хуже
Расійскі рубель упаў у 2014 годзе гэтак, што беларусам было больш выгадна закупляцца ў Расіі / Reuters

— Яшчэ з сярэдзіны 2013 года адбылася жорсткая прывязка беларускага рубля да долара. Калі ён кожныя таргі даражэў на 20-30 недэнамінаваных рублёў.

У выніку расійскі рубель стаў вельмі моцна таннець да беларускага рубля. З пачатку 2014 года да снежня падзенне расійскага рубля да беларускага склала 40%, — расказвае Вадзім Іосуб.

Паколькі за беларускія рублі можна было купіць шмат расійскіх, беларусы пачалі масава закупляцца ў Расіі. Скуплялі аўтамабілі, бытавую тэхніку і іншыя тавары.

— У самым канцы снежня 2014 года ўжо немагчыма было трымаць курс долара і назіраць, як расійскі рубель таннее да беларускага, уся Беларусь закупляецца ў Расіі, працуючы на расійскую эканоміку, расійскі бюджэт, расійскія падаткі. Тады правялі аднамомантавую трыццаціадсоткавую дэвальвацыю.

Хавалася гэтая дэвальвацыя пад выглядам падатку ў 30% на продаж валюты. Хоць дэвальвацыі афіцыйна не было, на справе беларусы атрымлівалі за валюту амаль на траціну менш беларускіх рублёў, чым прадугледжвалася курсам.

— Вось да чаго прывяло тое абвастрэнне вакол Украіны для Беларусі, хоць у 2014 годзе Беларусь падкрэслена туды не лезла. Наадварот, спрабавала выконваць ролю міратворца, перамоўнай пляцоўкі і гэтак далей. Цяпер, на жаль, улады гавораць пра крыху іншую ролю ў параўнанні з тым, якой яна была ў 2014 годзе.

Цяпер будуць новыя ўмовы. І калі Беларусь станецца ўцягнутай у гэтую вайну, то курс долара — гэта будзе апошняе, пра што трэба будзе турбавацца. Думаю, не трэба тлумачыць, што такое вайна, — падсумоўвае Вадзім Іосуб.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі