Беларусак і расіянак не дапусцілі да жаночага чэмпіянату Еўропы па боксе

Ім дазволяць выступіць пазней / pixabay.com

Беларусак і расіянак не дапусцілі да жаночага чэмпіянату Еўропы 2022 года па боксе. Еўрапейская канфедэрацыя бокса заявіла, што спіс удзельніц і расклад спаборніцтваў ужо зацверджаныя — турнір стартуе ў Чарнагорыі 14 кастрычніка. Таму спартсменкам з Беларусі і Расіі дазволяць выступіць пазней, ужо пасля ЧЕ.

Нядаўна Міжнародная асацыяцыя бокса дапусціла спартсменаў Беларусі і Расіі да турніраў, ад якіх яны былі адхілены пасля пачатку вайны ва Украіне. Ім нават дазволілі выступаць пад дзяржаўнымі сцягамі. У Еўрапейскай канфедэрацыі бокса адзначаюць, што атрымалі гэтае рашэнне. Там падкрэсліваюць, што падобную пазіцыю ў дачыненні спартсменаў з РБ і РФ "не падзяляе ніводная іншая міжнародная федэрацыя ў алімпійскай праграме".

Федэрацыя бокса Швецыі заявіла, што байкатуе турніры, да ўдзелу ў якіх дапушчаныя спартсмены з Беларусі і Расіі. На такі ж крок пайшлі фіны. Верагодна, іх могуць падтрымаць і іншыя еўрапейскія федэрацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.