БЧБ як свастыка, Украіны няма: што не так з кнігай “Генацыд беларускага народа”

БЧБ як свастыка, Украіны няма: што не так з кнігай “Генацыд беларускага народа”

Пад рэдакцыяй генпракурора Беларусі Андрэя Шведа выйшла вельмі дзіўная кніга, якая падобная ці да расследавання, ці да падручніка па гісторыі. У ёй генпракурор шукае генеалогію пратэстаў 2020 года ў… падзеях Другой сусветнай вайны. У Шведа няма гістарычнай адукацыі, толькі юрыдычная. Але кніга “Генацыд беларускага народа”, у якой нейкім чынам звязваюцца, здавалася б, ніяк не звязаныя гістарычныя з’явы, пабачыла свет.

Выданне MOST даведалася, якія сенсацыі падрыхтаваў генпракурор Беларусі.

Кніга падпісана да друку 16 чэрвеня 2022 года. Альбомны фармат, цвёрдая вокладка, шмат ілюстрацый і ўставак, як у падручніку. На першых старонках бачым мапу Еўропы, на якой адсутнічае мяжа паміж Расіяй і Украінай.

БЧБ як свастыка, Украіны няма: што не так з кнігай “Генацыд беларускага народа”
The map in Shved's book / MOST

Жанр кнігі акрэсліць немагчыма. Акадэмічнае даследаванне? Папулярная гісторыя? Юрыдычная літаратура? Публіцыстыка? Прапаганда?.. Хутчэй апошняе, але з выкарыстаннем гістарычных крыніц і фота.

Кніга на 70% складаецца з пераліку злачынстваў нацыстаў і іх памагатых. На 30% — з пераліку крыміналак супраць пратэстоўцаў у 2020 годзе. Аўтары нібы спрабуюць знайсці падабенствы і паралелі. Зрэшты, пра аўтараў. У кнізе іх… няма. Згадана толькі, што кніга напісаная “пад агульнай рэдакцыяй А.І. Шведа”.
 

“Убивай каждого русского, советского, не останавливайся…”

Чаму кніга не можа лічыцца гістарычнай? Зірнем спіс выкарыстанай літаратуры. Там 38 пазіцый. Адзіны каштоўны пункт — гэта “Архіў Генпракуратуры № (…) па справе аб генацыдзе беларускага народа”. Яшчэ 23 пункты — гэта пракурорскія справы супраць пратэстоўцаў за 2020–2021 гады. Рэшта (усяго 15 пунктаў) — гэта збольшага савецкія кніжкі 1960-х–70-х пра вайну выдавецтва “Политиздат”. Або, напрыклад, даведнік “Минск — город-герой” 1976 года.

БЧБ як свастыка, Украіны няма: што не так з кнігай “Генацыд беларускага народа”
Illustrations in Shved's book / MOST

“Каждый поляк должен знать: немец и белорус — враги”

Асобнае месца ў кнізе вылучана для “калабарантаў” — памагатых нацыстаў. Гаворка пра ўкраінцаў, літоўцаў, латышоў ды беларусаў. Палякі таксама фігуруюць. А дзе ж рускія калабаранты? Руская дывізія СС, брыгада РВНА, шматлікія казачыя фармаванні, не кажучы пра паліцыю. Ці яны былі, але не займаліся генацыдам беларусаў?

Найбольш дастаецца ўкраінцам, літоўцам і латышам. Калі цытуюць успаміны сведкаў, напрыклад, пра лагер смерці Азарычы ў 1944 годзе, усплывае тэрмін “бандэраўцы з аўчаркамі”. Сведка, вядома, памыляецца, бо Сцяпан Бандэра на той час сам сядзеў у нямецкім канцлагеры, а з немцамі супрацоўнічала зусім іншае крыло — “мельнікаўцы”.

БЧБ як свастыка, Украіны няма: што не так з кнігай “Генацыд беларускага народа”
The photos and examples chosen are harrowing, but there are mistakes. Or are they manipulations? / MOST

Акцэнт на нацыянальнай прыкмеце — цікавая асаблівасць кнігі. Карнікі Хатыні падаюцца як украінцы. Акцэнт на нацыянальнасці, а не на тым, што гэта былыя савецкія жаўнеры, якія трапілі ў палон і пайшлі працаваць на немцаў (некаторыя — этнічныя ўкраінцы, так). Ахвяры ў кнізе — беларусы ці “савецкія людзі”, зрэдку яўрэі. Каты — немцы, украінцы, палякі і гэтак далей. Пра тое, што палякаў ці ўкраінцаў, якія жылі ў БССР, таксама забівалі, аўтары маўчаць.

Шмат пішуць пра злачынствы Арміі Краёвай ажно да 1953 года, хоць АК была распушчаная ў 1945-м: далей ваявалі асобныя групы без строгай іерархіі. Падаецца цытата: “Каждый поляк должен знать: немец и белорус — враги польского народа…” Цытата з нейкіх загадкавых “дырэктыўных дакументаў”. Дзе фота ці спасылка? Зэро.

БЧБ як свастыка, Украіны няма: што не так з кнігай “Генацыд беларускага народа”
Next to the old photos appear more modern ones / MOST

Асобна ідзе гаворка пра “остарбайтараў” — мірнае насельніцтва, якое працавала ў Германіі. Аўтары дадаюць, што не толькі ў Германіі — таксама ў Літве і Польшчы. Цікава, навошта ў Польшчы беларускія остарбайтары, калі палякаў роўна гэтаксама вывозілі ў Германію?
 

“Преступления под бело-красно-белым флагом”

Аўтары не маглі прайсці тэму беларускіх калабарантаў. Але нават тут не абышлося без памылак нават у назвах арганізацый: “Белорусская народная краевая оборона”. “Народная” — лішняе. Ці “Белорутенская народная самопомощь”. Звыклае няведанне нямецкай мовы, бо Weissruthenische — гэта “беларуская”.

БЧБ як свастыка, Украіны няма: што не так з кнігай “Генацыд беларускага народа”
Illustration in Shved's book / MOST

Ніякіх новых фактаў няма: усё тыя ж замуляныя здымкі, на якіх пранямецкія беларускія структуры выкарыстоўваюць бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоню”. Тое, што рускія калабаранты таксама карысталіся сваёй гістарычнай сімволікай — трыкалорам, двухгаловым арлом ці андрэеўскім сцягам, — як заўсёды, застаецца за кадрам.

Самае цікавае ў высновах. Цытуем:

…использование кем-либо бело-красно-белого флага и герба “Погоня” являлось прямым указанием на принадлежность человека к коллаборационистским формированиям. В 2020 году Республика Беларусь вновь столкнулась с проявлениями экстремизма и терроризма под нацистской символикой, — напісана ў кнізе Шведа.

БЧБ як свастыка, Украіны няма: што не так з кнігай “Генацыд беларускага народа”
Protesters in Shved's book / MOST

Далей — рэзкі пераход да 2020-га. Пра 80% у Лукашэнкі, АБСЕ і радыкалаў… Каляровы бонус на 30 старонак — пералік асобаў, асуджаных за “преступления под бело-красно-белым флагом”. Ціханоўская, Латушка, Фядута, Борыс… А яшчэ выбарка з менш вядомых пратэстоўцаў: дзясятак чалавек, якія да 2020-га мелі судзімасці за разбой ці хуліганку.

БЧБ як свастыка, Украіны няма: што не так з кнігай “Генацыд беларускага народа”
Stories about radical protesters are duplicated in English / MOST

На пацеху аднаму “гісторыку”

Можна было б сказаць, што гістарычныя факты, выкладзеныя ў кнізе, патрабуюць больш сур’ёзнай навуковай рэцэнзіі, дакладнай верыфікацыі, але навошта? Калі кніга — гэта зробленая наспех непрыхаваная прапаганда з выкарыстаннем гістарычнай шырмы? Па прачытанні застаецца ўражанне, што кніга пісалася на пацеху аднаму чалавеку, які пазіцыянуе сябе як “гісторык”. Акурат для таго, каб “гісторык” яшчэ раз пераканаўся ў правільнасці сваіх поглядаў. Больш нікому яна не патрэбная.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі