Baykar бясплатна перадасць Украіне беспілотнік, на які збіралі грошы палякі

Байрактар ТБ2 / turkic.world/az
Байрактар ТБ2 / turkic.world/az

Турэцкі вытворца беспілотнікаў Baykar бясплатна перадасць Украіне Байрактар, на які збіралі грошы палякі. Пра гэта кампанія паведаміла арганізатару збору Славаміру Серакоўскаму, а ён расказаў на сваёй старонцы ў Facebook.

У лісце гаворыцца, што Baykar шчыра дзякуе ўсім палякам, якія падтрымалі ініцыятыву. У кампаніі ўражаныя тым, што ў зборы ўзялі ўдзел сотні тысяч палякаў.

"Мы хочам быць часткай гэтага чалавечага акту салідарнасці, таму мы робім прапанову. Мы перададзім беспілотнік Bayraktar украінцам бясплатна, каб яны маглі як мага лепш абараніць сваю Радзіму", — адзначаецца ў пасланні.

Сабраныя грошы будуць перададзеныя ўкраінцам.

"22,5 млн злотых, якія прызначаліся на беспілотнік, пойдуць на гуманітарную дапамогу Украіне, а 1,8 млн злотых, якія ўдалося сабраць звыш патрэбнай сумы, будуць перададзеныя УСУ", — расказаў Серакоўскі.

Байрактар ТБ2 — гэта турэцкі ўдарны сярэдневысотны беспілотны лятальны аппарат з рухавіком унутранага згарання. Можа несці да 4-х кіраваных боепрыпасаў на падвесцы і знаходзіцца ў паветры ад 12 да 24 гадзінаў. Максімальная далёкасць кіравання — да 150 км. Гэтыя характарыстыкі дазваляюць весці пастаяннае дзяжурства ў паветры і пасля выяўлення мэтаў хутка вырушыць да перадавой для пуску ракетаў. Пры гэтым час рэакцыі ў гэтага дрона значна меншы, чым у авіяцыі — гэта дазваляе эфектыўна паражаць мэты, дасяжныя толькі кароткі час.

Baykar бесплатно передаст Украине беспилотник, на который собирали деньги поляки
Ліст кампаніі Baykar Славаміру Серакоўскаму / facebook.com/SlawomirSierakowski

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі