Вы тут

"Гэта было нейкае пекла". Гісторыі беларусаў, якія ўцяклі ад вайны ва Украіне

Антываенны мітынг беларусаў у Варшаве / Еўрарадыё

Украіна стала другім домам для беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У 2021 годзе яны аформілі амаль 4400 часовых відаў на жыхарства ва Украіне.

24 лютага Расія пачала вайну супраць Украіны і беларусы зноў вымушаныя былі ўцякаць. Еўрарадыё расказвае дзве гісторыі эвакуацыі ў першыя дні вайны.

 

"Тых, хто верыў у вайну, лічылі панікёрамі"

Вікторыя і Міхаіл пераехалі ў Кіеў у траўні 2021-га. Да гэтага маладыя людзі жылі ў Мінску. Вікторыя працуе ў IT, Міхаіл раней быў адвакатам, у прыватнасці абаронцам журналісткі Кацярыны Барысевіч, былога дыпламата Аляксандра Сакалоўскага. Пара з'язджаць не планавала, але была напагатове. У нейкі момант далейшае жыццё ў Беларусі здалося ім занадта небяспечным, таму Вікторыя і Міхаіл прынялі рашэнне ненадоўга выехаць з краіны.

— Мы паціху сталі збіраць рэчы. Пастараліся зрабіць усе дакументы, і толькі за тры дні да ад'езду сказалі бацькам і сябрам. Працягнулі дамову на кватэру, вырашылі, што праз два месяцы мы вернемся, зачынілі дзверы — і з'ехалі, — успамінае Вікторыя.

Ва Украіне сям'я аформіла від на жыхарства, паспела ўладкаваць побыт і змірыцца з думкай, што кажучы "еду дадому", яны маюць на ўвазе Кіеў.

— У нас было звычайнае жыццё. Я на пілатэс хадзіла, у сквош гуляла, сабаку выгульвала. У нас шмат сяброў-украінцаў з'явілася, мы пачалі паглыбляцца ва ўкраінскую культуру. У размовы пра напад Расіі мы не верылі. Абсалютна. Як у гэта можна было паверыць? Хто бамбіць людзей у 2022 годзе? Тых, хто ў гэта верыў, лічылі панікёрамі...

Муж потым казаў, што ўвечары 23 лютага ў яго з'явілася нейкае прадчуванне, што вайна сапраўды рэальная. Але я не вельмі зразумела, проста быццам настрой прапаў у яго.

У чацвер, 24 лютага, мы прачнуліся ад таго, што Мішу патэлефанаваў ягоны калега з Харкава: "Нас бамбяць! Вайна пачалася! А што ў вас?" І ў гэты час я пачула "ба-бах" за акном. Мы прачнуліся ў новай рэальнасці. Гэта было а пятай раніцы, калі па польскім часе — а чацвёртай. Як у кніжцы па гісторыі!

Напярэдадні ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну ў сацыяльных сетках распаўсюджвалася інфармацыя з адрасамі бамбасховішчаў і заклікамі сабраць "трывожны чамаданчык". Да гэтага мы ставіліся скептычна. Таму збіралі рэчы спехам пасля таго, як пачулі першыя сірэны і дзесьці ўдалечыні грукат гармат.
 

"Пада Львовам бачылі, як збівалі выведвальны дрон"

Дзень пасля абуджэння па трывозе прайшоў у спробе сабраць рэчы і адказаць сабе на пытанне, што ўсё-ткі рабіць: ехаць ці заставацца? Мінчукі ўвесь дзень глядзелі навіны па тэлевізары і на заклік сірэны некалькі разоў спускаліся ў бамбасховішча — але ўсё яшчэ не да канца верылі, што гэта сур'ёзна вайна. Раніцай чулі гукі бомбавых удараў, на працягу дня гулі самалёты — здаецца, украінскія.

— Мы ў Кіеве жылі... Жывём? Мы жывём у раёне метро "Дружбы народаў", гэта недалёка ад цэнтра, і ў нас там няма бамбасховішча, але ёсць паркоўка на падземным паверсе, накрытая тоўстай бетоннай плітой. І там было арганізавана сховішча. Першы раз, калі мы спускаліся туды, было вельмі мала людзей, апошні раз — там ужо спалі, — расказвае Вікторыя.

З'язджаць прынялі рашэнне на наступную раніцу разам з сябрамі, пасля таго як зноў прачнуліся ад гукаў выбухаў дзесьці ўдалечыні. Маршрут праклалі да Львова. Ехалі ўшасцярых і з двума сабакамі на легкавой машыне таксі аднаго са знаёмых. Заправіцца змаглі напярэдадні.

Тых, хто верыў у вайну, лічылі панікёрамі / Еўрарадыё

— Былі заторы дзікія на выездзе з Кіева, і было страшна. Ніхто ніколі не ведае, што і куды прыляціць! І я не думала, што так будзе... Я грамадзянка Беларусі, і я баялася ехаць уздоўж беларускай мяжы: раптам адтуль могуць страляць? І мы ўсю дарогу правяралі навіны: "Ці можам мы ехаць туды, ці стралялі там апошнія 20 хвілін?" — дзеліцца дзяўчына.

Дарога да Львова заняла 22 гадзіны. Былі заторы, паміж раёнамі — блокпасты, але машыну без перашкод прапускалі. У дарозе хлопцаў і дзяўчат дагнала ўсведамленне, што тое, што адбываецца, — сапраўды вайна, кажа Вікторыя:

— У Львоўскай вобласці мы таксама трапілі ў затор. І там было па-сапраўднаму страшна. Мы пачулі гук чагосьці, што падала, і невялікі выбух і падумалі, што ляціць ракета. Машыны нават замерлі ў гэтую секунду. Нам потым сказалі, што гэта збівалі выведвальны дрон. Тады мы ўпершыню ўсвядомілі, што гэта вайна, — праз амаль двое сутак пасля таго, як яна пачалася. У мяне трэсліся рукі, калі я пісала бацькам...

На гэтыя цягнікі квіткоў не прадавалі, яны былі абвешчаны эвакуацыйнымі / Еўрарадыё

У Львове кампанія падзялілася. Вікторыя і Міхаіл адправіліся на вакзал, адтуль ездзяць цягнікі да польскіх памежных гарадоў Мэдыка і Пшэмысль. Іх на пероне ўжо чакаў натоўп тых, хто ўцякаў ад вайны: украінцаў, беларусаў, іншых замежнікаў, якія не размаўлялі па-руску. На гэтыя цягнікі квіткоў не прадавалі, яны былі абвешчаны эвакуацыйнымі. Дакладнага часу адпраўлення ніхто не ведаў. У гэтай мітусні і блытаніне людзі на пероне часам нават не спускаліся ў сховішча, калі абвяшчалі паветраную трывогу.

— Мы тады думалі: "А раптам якраз зараз прыйдзе цягнік, які зможа нас з гэтага ўсяго вывезці?" — перадае свае думкі на той момант беларуска.

 

"У Варшаве гук трамваяў падобны да гуку сірэн"

У выніку яны-такі селі ў цягнік, падобны да электрычкі "Гомель — Калінкавічы", як апісвае яго Вікторыя. Нейкія людзі сказалі, што ён таксама едзе ў Польшчу.

— Гэта было нейкае пекла. Я ў чатах чытала, што дарога можа займаць да 10 гадзін. Ха! У выніку выйшла 20 гадзін. Да гэтага моманту мы ўжо суткі былі ў дарозе, суткі з паловай не спалі. У нас быў адзін паўэрбэнк, які цудам не разрадзіўся, а з ежы — два пачкі печыва, два фітнес-батончыкі і бутэлька вады. І паколькі з прыбіральняй было ўсё незразумела, мы стараліся не есці і не піць.

Людзі былі ў жудасным стане. Ехалі ў асноўным жанчыны з дзецьмі: яны плакалі, крычалі, хацелі есці. Не дазвалялі адчыняць вокны, каб нікога не прадзьмуло, людзі пачалі страчваць прытомнасць...

На ўкраінскай мяжы мы вельмі доўга стаялі. Прыбывалі людзі на аўтобусах, іх таксама садзілі ў гэты цягнік. У ім было восем вагонаў, і казалі, што ў ім ехала каля 2000 чалавек. Людзі стаялі ў праходзе, ляжалі, сядзелі адно на адным... Гэта было жудасна. Я там не адчувала сябе чалавекам, — Вікторыя з дрыжыкамі ўспамінае пра гэты досвед.

Пару разоў па дарозе беларусы сустракалі не варожыя, але з'едлівыя заўвагі на свой адрас. Даводзілася апраўдвацца за свой беларускі пашпарт.

Як толькі цягнік прыбыў на перон у Польшчы, памежнікі сталі раздаваць ваду і ежу: перадавалі проста праз вокны цягніка. Пытанняў у памежнікаў не было. Жанчын і дзяцей прапускалі ў першую чаргу, потым астатніх. Хлопцаў і дзяўчат з сабакам упусцілі без усялякіх праблем. У пункце пропуску дзяжурылі валанцёры, была ежа і вада, давалі пледы, у кожнага пыталіся, ці ёсць яму куды ехаць і дзе начаваць, можна было знайсці трансфер амаль у кожны горад.

У выніку Вікторыя і Міхаіл дабраліся да Варшавы. Працаваць яны могуць дыстанцыйна, але кватэру знялі толькі на тыдзень. На пытанне "Што далей?" у іх адказу няма.

— Самае страшнае было — калі мы бачылі, як збіваюць дрон пада Львовам, і калі я кватэру зачыняла ў Кіеве, таму што дакладна гэтаксама я дзевяць месяцаў таму зачыняла кватэру ў Мінску... У Варшаве бяспечна, але я трошкі калачуся: гук трамваяў падобны да гуку сірэны. Мы зайшлі ў в'етнамскую кавярню каля наёмнай кватэры ў Варшаве, і я не магла трымаць у руках палачкі: дрыжалі рукі...

Я не ведаю, што далей. Я спадзяюся, што мы хутка вернемся. У Кіеве быў наш дом. Я пасудамыйку загрузіла перад тым, як паехаць... Спадзяюся, што хутка ўсё скончыцца і мы вернемся дадому. І ў Кіеў, і ў Беларусь вернемся дадому... Украінцы вялікія малайцы, гэта выдатная краіна, якая прытуліла вялікую колькасць беларусаў, дала нам дом, падтрымлівала нас. Вельмі балюча бачыць фразы, што дабро павінна перамагчы, таму што ў Беларусі аднойчы яно ўжо не перамагло... Але мне хочацца верыць.

 

"У цягніку не спала, каб быць гатовай па трывозе выйсці"

Юлія, рэжысёрка з Мінска, разам з маладым чалавекам, ён распрацоўшчык у IT-кампаніі, пераехалі ў Львоў зусім нядаўна — у сярэдзіне студзеня 2022-га.

— Мы з хлопцам асабліва не планавалі з'язджаць. Хацелі заставацца ў Беларусі. Да Улада па месцы прапіскі прыйшлі з ператрусам, і мы вырашылі, што трэба паклапаціцца пра сваю бяспеку. Выбралі Украіну. Для нас было важна, што гэта блізка да дому і гэта краіна, дзе мы разумеем мову і блізкая да нас па ментальнасці, — кажа Юлія.

"У навіны пра пачатак вайны паверыць не маглі" / Еўрарадыё

Кватэру знялі на паўгода. Уладкаваліся, сталі наладжваць жыццё. За трывожнымі навінамі пра магчымы пачатак вайны, вядома ж, сачылі, але паверыць у іх не маглі.

— Мы не верылі. Вядома, разумелі, што рызыкі ёсць, але ўсё ж мы ў Заходняй Украіне... У чатах былі паведамленні пра тое, каб зрабіць запасы ўсяго неабходнага і праверыць сховішчы каля дома, але мы, калі шчыра, так гэтага і не зрабілі. І калі ў чацвер загучала сірэна, мы толкам не ведалі, куды бегчы... — прыгадвае Юлія.

На навіны пра пачатак вайны пара беларусаў адрэагавала без панікі. Рашэнне з'язджаць прынялі адразу ж. Падумалі, што трэба паспрабаваць спачатку паехаць у іншы горад Украіны. Знайшлі квіткі на цягнік ва Ужгарад. Сабралі рэчы і ў той жа дзень адправіліся ў дарогу.

— У цягніку стаяла цішыня. Часам ён спыняўся, выключалі святло. Было вельмі трывожна. І на вакзале страшна: усё ж гэта таксама стратэгічны аб'ект. І ў цягніку я не магла заснуць, нават не клалася, каб, калі што, быць апранутай і гатовай па трывозе хутка выйсці на вуліцу. Думкі ўсякія былі ў галаве: раптам падумаюць, што гэта не пасажырскі цягнік, а нейкі вайсковы састаў... — дзеліцца Юлія.

 

"Людзі глядзелі навіны і плакалі"

Раніцай у пятніцу 25 лютага ва Ужгарадзе таксама было трывожна. Таму беларусы ўзялі курс на Славакію: да найбліжэйшага горада Кошыцэ адтуль менш за 100 км. Білет на аўтобус каштаваў каля 10 еўра.

— Аўтобус павінен быў быць а 5-й вечара, але мы чакалі да 12-й ночы. Казалі, што на мяжы вялікія чэргі, таму аўтобусы спазняюцца. Разам з намі аўтобуса чакалі ў асноўным жанчыны з дзецьмі. Усе маўчалі, чыталі ў тэлефонах навіны. У зале чакання бачылі сям'ю: яны глядзелі тэлевізар і плакалі. Я так зразумела, што мужчына — яму на выгляд было каля 50 або больш — заставаўся, а жонка павінна была з'язджаць, але прапаноўвала пачакаць яшчэ некалькі дзён, паглядзець, што будзе, — дзеліцца назіраннямі Юлія.

Аўтобус да Славакіі, успамінае беларуска, больш стаяў, чым ехаў. Да мяжы даехалі хутка, а потым затрымаліся на адным месцы на некалькі гадзін. І невядома было, як доўга гэта будзе працягвацца. Таму ў суботу, 26 лютага, раніцай пара наважылася дабрацца да памежнага пераходу самастойна, пешшу.

— Украінскія памежнікі, мабыць, былі вельмі стомленыя і нервовыя. Нас з беларускімі пашпартамі сустрэлі не вельмі прыветліва. Пыталіся, чаго мы ў Беларусь не едзем і навошта мы наогул сюды прыехалі. Але ў выніку прапусцілі. Славацкія памежнікі былі, наадварот, вельмі па-добраму настроеныя. Яны гаварылі па-славацку, і я нават здзівілася, што мне ўсё зразумела — настолькі мова падобная да беларускай! Вакол памежнага пераходу было шмат валанцёраў, намёты, ежа, вада, людзі з машынамі, якія прапаноўвалі кудысьці падвезці, — расказвае Юлія.

Вакол памежнага перахода было шмат валанцёраў / Еўрарадыё

У Славакію дзяўчыну пусцілі без шэнгенскай візы. Ёй далі дакумент — дазвол на знаходжанне ў любым месцы краіны на працягу 90 дзён. З транспартам ад памежнага пераходу да найбліжэйшага горада Кошыцэ таксама пашанцавала: пагадзіўся падвезці ўкраінец, які даўно працуе ў Славакіі і жыве на дзве краіны.

— Мы пераначавалі ў Кошыцэ і вырашылі, што паедзем у сталіцу, Браціславу, усё ж там сканцэнтраваны розныя ўстановы. Я пакуль не ведаю, што далей, ці будзем мы заставацца тут. Калі так, то я паспрабую зрабіць дакументы на агульных падставах, а не ў статусе ўцекача, — кажа на заканчэнне Юлія.

Аўтар: Ганна Гараднічук

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.