Баі ў Лісічанску і беларуская ваенная дапамога Расіі — 124-я раніца вайны

Баі ідуць ужо на тэрыторыі Лісічанска​ / @luhanskaVTSA
Баі ідуць ужо на тэрыторыі Лісічанска​ / @luhanskaVTSA

Расійскія войскі атакуюць Лісічанск, у горадзе шмат пашкоджанага жылля і інфраструктуры, піша раніцай у панядзелак кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай. Ідуць баі ў Волчаяраўцы.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны адзначае, што менавіта на ўсходзе Украіны цяпер сканцэнтраваныя асноўныя намаганні расіян. Мэта — узяць у акружэнне ўкраінскія падраздзяленні і захапіць усю тэрыторыю Данецкай і Луганскай абласцей. У справаздачы Інстытута са спасылкай на расійскія крыніцы гаворыцца, што баі ідуць ужо ў самым Лісічанску — на тэрыторыі жэлацінавага завода, а таксама ў Белай Гары (гэта на паўднёвы ўсход ад Лісічанска) і Прыволлі (на паўночным захадзе ад Лісічанска). Дадамо, што расіяне ўжо ўсталявалі кантроль над Севераданецкам і населенымі пунктамі побач.

Пры гэтым расійскія наземныя атакі ў кірунку Славянска да паўднёва-ўсход ад Ізюма ўчора, мяркуючы па ўсім, апынуліся безвыніковымі — тут расіяне, па дадзеных Інстытута, "не дамагліся ніякіх пацверджаных поспехаў".

Паўночней — у раёне Харкава — расійскія войскі спрабавалі палепшыць свае пазіцыі, правялі шэраг нападаў, але беспаспяхова. Адначасова расіяне прыкметна ўзмацнілі абстрэлы ўкраінскіх пазіцый на поўдні. Інтэнсіўнасць абстрэлаў павялічылася на 150%, гаворыцца ў справаздачы Інстытута са спасылкай на ўкраінскае аператыўнае камандаванне "Поўдзень". Учора расійскія войскі нанеслі артылерыйскія і ракетныя ўдары па ўсім паўднёвым фронце ў розных раёнах Запарожскай, Херсонскай, Мікалаеўскай і Днепрапятроўскай абласцей.

Бои в Лисичанске и белорусская военная помощь России — 124-е утро войны
Карта баявых дзеянняў у раёне Лісічанска / understandingwar.org

Адэскую вобласць абстралялі і сёння ноччу. Ракетны ўдар быў нанесены з ужываннем самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-22 М. Пра гэта гаворыцца ў свежым паведамленні АК "Поўдзень". Было разбурана некалькі дамоў у адным з пасёлкаў, пацярпелі шэсць чалавек, у тым ліку дзіця.

Генштаб УСУ раніцай у панядзелак піша, што "кіраўніцтва Беларусі працягвае аказваць ваенную падтрымку РФ. Напрыклад, у Белгарадскую вобласць адправілі чарговую партыю боепрыпасаў да 20 вагонаў".

Да беларусаў — грамадзянскіх і вайскоўцаў —  напярэдадні звярнуўся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

"Вас уцягваюць у вайну. І нават больш актыўна, чым гэта было ў лютым і ў вясновыя месяцы. У Крамлі за вас ўжо ўсё вырашылі — вашы жыцця для іх нічога не каштуюць. Але вы не рабы і ня гарматнае мяса. Вы не павінны паміраць. І вы ў сілах не даць нікому вырашаць за вас, што вас чакае далей", — адзначыў украінскі прэзідэнт.

Два важных міжнародных форуму, дзе абмяркоўваецца дапамога Украіне і сітуацыя ў рэгіёне, праходзяць у гэтыя дні. Напярэдадні пачалася сустрэча лідэраў краін G7. Чакаецца, што кіраўнікі краіны "Вялікай сямёркі" возьмуць на сябе абавязацельствы аказваць Украіне бестэрміновую падтрымку ў яе абароне ад уварвання Расіі. Пра гэта піша Bloomberg, якому ўдалося азнаёміцца з тэкстам праекта сумеснай заявы.

"Мы будзем працягваць аказваць фінансавую, гуманітарную, ваенную і дыпламатычную падтрымку і падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца", — абяцаюць лідары краін.

Саміт G7 працягнецца да 28 чэрвеня, пасля чаго большасць яго ўдзельнікаў паедуць у Мадрыд на саміт НАТО. Там будуць абмяркоўвацца практычныя меры па ваеннай падтрымцы Украіны. Чакаецца, што Альянс павялічыць вайсковую дапамогу Украіне і краінам Балтыі. Аб гэтым паведамляе Reuters.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі