Вы тут

Баец змешаных адзінаборстваў Кудзін не прыйшоў у суд, яго аб'явілі ў вышук

Аляксей Кудзін і АМАП / rh.by

Баец змешаных адзінаборстваў Аляксей Кудзін 19 лістапада не прыйшоў у суд у Маладзечне, яго аб'явілі ў вышук, паведамляе "Рэгіянальная газета". У жніўні падчас пратэстаў 35-гадовы спартсмен быў затрыманы і правёў паўтары тыдні ў следчым ізалятары. Пасля яго перавялі пад хатні арышт. Кудзіна абвінавачваюць у супраціўленні супрацоўніку органаў унутраных спраў (арт. 363 КК), яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Жонка Кудзіна сказала міліцыянеру, што ён паехаў у суд. Але там так і не з'явіўся. Яго мабільны тэлефон не адказвае. Суддзя Вольга Дубовік пасля атрымання гэтай інфармацыі змяніла меру стрымання спартсмену на ўтрыманне пад вартай. Пакуль Аляксея Кудзіна шукаюць, разгляд справы прыпынены.

У кастрычніку спартсмена аштрафавалі на 675 рублёў за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня ў Маладзечне. Але, як бачым, пакаранне адміністрацыйнай справай не абмежавалася.

Кудзін — заслужаны майстар спорту Беларусі, чэмпіён свету па тайскім боксе сярод аматараў і прафесіяналаў. У яго пяць дзяцей — тры дачкі і два сыны.

Абвестка ў судзе / rh.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.