Бацькі падлетка, падстрэленага сілавіком, папрасілі прабачэння ў міліцыянта

Бацькі падлетка, параненага былым кіраўніком ГУБАЗіКа, на відэа заявілі, што стральба ў іх сына была "правільнай рэакцыяй" і папрасілі прабачэння. Відэаролік з'явіўся на канале "Мінскай праўды".

Як распавядала Еўрарадыё, у другой палове чэрвеня каля жылога комплексу "Каскад" у Мінску падчас канфлікту з падлеткамі экс-кіраўнік ГУБАЗіКа Андрэй Паршын стрэліў у нагу аднаму з іх. Хлопца давялося шпіталізаваць з ранай мяккіх тканак.

У відэа, якое з'явілася сёння, не паказваюць твары бацькоў і не тлумачаць сутнасць канфлікту. Журналісты заяўляюць толькі, што падлеткі хуліганілі і "даставілі дыскамфорт жыхарам "Каскада".

У скандале, які ўзнік пасля страляніны Паршына (яго імя таксама не называюць), вінавацяць "экстрэмісцкія рэсурсы" — маўляў, яны раздзьмулі.

Уладзімір, бацька параненага падлетка, кажа: "Проста ўцягнулі сям’ю, якая дачынення ні да чаго не мае"

Мужчына ацэньвае дзеянні міліцыянта як аэкватныя і просіць прабачэння ў яго: "Я яго цалкам разумею. Зрабіў заўвагу, адрэагавалі неадэкватна дзеці. Ясна, што ён адрэагаваў. І правільна адрэагаваў. Наша сям’я яму прыносіць, ужо прынесла, прабачэнні. Я лічу, што мой сын сапраўды вінаваты ў гэтай сітуацыі".

З падказкі журналісткі ён дадае, што падзея выкарысталі "экстрэмісцкія рэсурсы", каб зганьбіць уладу. 

Мужчына кажа, што іх сям’я ўдзельнічала ў праўладных аўтапрабегах. "Можа, я не самы прыстойны грамадзянін, але я радзіму не прадаваў", — сказаў бацька, пра якога праўладныя каналы пісалі, што ён раней меў судзімасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.