Вы тут

Бабруйскія ўлады перавярсталі “план па пандусах” дзеля пажылога “афганца”

Так выглядаў уваход у пад'езд да ўсталявання пандуса

У пад’ездзе бабруйскай хрушчоўкі, дзе жыве ветэран вайны ў Афганістане Станіслаў Кірылёнак, усталявалі пандус. Адбылося гэта ўсяго праз дзесяць дзён пасля таго, як у мясцовым ЖЭУ журналістам “Коммерческого курьера” заявілі, што дапамагчы нічым не могуць, бо “план па пандусах складаецца на год наперад”.

— Пандус я яшчэ не бачыў, не карыстаўся. Мне цяжка нават выходзіць з кватэры. Але мне патэлефанавалі з гарвыканкама: абяцалі сёння прыехаць з камісіяй, медыкамі. Магчыма, і ў самім пад’ездзе на лесвіцы што-небудзь усталююць.

Станіслаў Кірылёнак — ветэран афганскай кампаніі. Ён скардзіцца на слабыя ногі, а яго жонка ўвогуле паралізаваная. Без пандуса на ўваходзе ў пад’езд у пары не было нават шанцаў выйсці ў двор і гуляць па вуліцы.

Кірылёнак звяртаўся да камунальнікаў, але яны адказалі, што гэтага пандуса ў іх гадавым плане няма, гэта значыць давядзецца пачакаць наступнага года. Дзякуючы журналістам гісторыя выклікала вялікі розгалас. Не прайшло і двух тыдняў, як на ўваходзе ў пад’езд з’явіўся пандус.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.