Бабарыка і іншыя палітвязні. Як рэагаваць на жахі з турмы

У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі / Еўрарадыё
У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі / Еўрарадыё

"Сваімі перажываннямі дзеляцца нават незнаёмыя мне беларусы", — расказвае Еўрарадыё псіхолаг Наталля Скібская пра тое, як у грамадстве рэагуюць на навіны пра стан здароўя Віктара Бабарыкі, а таксама рэпрэсіі, ад якіх церпяць іншыя палітвязні.

Трывожная інфармацыя пра стан Віктара Бабарыкі з'явілася на мінулым тыдні. Дагэтуль няма ніякіх навінаў пра тое, дзе ён знаходзіцца і што з ім. Раней дактары ацанілі яго стан як сярэднецяжкі.

Гэта адначасова абурае і палохае беларусаў, асабліва ўлічваючы, што сёння амаль у кожнага з нас ёсць калегі, сябры ці сваякі, якія трапілі ў турму або калонію па палітычных матывах.

Бабарико и другие политзаключённые. Как реагировать на ужасы из тюрьмы
Псіхолаг Наталля Скібская / Еўрарадыё

Якія эмоцыі мы адчуваем? Як маглі б дапамагчы сабе і адзін аднаму? З якой мэтай рэжым дапускае зліццё інфармацыі пра стан здароўя палітвязняў і ці магчыма зрабіць "псіхалагічную прышчэпку", каб перажыць пакутлівае зняволенне без лістоў ад родных і сяброў?

Вось што нам расказвае Наталля Скібская.

— Сапраўды, вельмі многія людзі пераймаюцца. Выснову пра тое, што людзям неабыякава, я раблю і па велізарнай колькасці асабістых паведамленняў, якія мне прыходзяць на гэтую тэму.

Рэакцыя ва ўсіх розная, таму што ў кожнага свой трыгер.

Самае, напэўна, складанае ў такой сітуацыі — пачуццё бяссілля, таму што па адчуваннях мы не можам ніяк на гэтую сітуацыю паўплываць. Калі людзі ў закладніках, з імі робяць, што хочуць. Мы не згодныя з гэтым, але не можам нічога змяніць.

Бяссілля ў нашы дні стала вельмі шмат і праз гэтую вайну, і ад таго, што ў яе ўцягваюць Беларусь, выкарыстоўваючы тэрыторыю, і што ў наш бок ляціць велізарная колькасць хейту.

Ад бяссілля паўплываць на гэта нараджаецца шмат вельмі складаных і супярэчлівых пачуццяў: злосць, расчараванне, смутак, боль — усё ў комплексе.

— Калі б дзяржава хацела нашкодзіць палітвязням, яна магла б зрабіць гэта ціха. Аднак інфармацыя прарываецца. Спачатку мы даведаліся пра праблемы са здароўем у Машы Калеснікавай, потым пра ваду ў лёгкіх Віктара Бабарыкі. І гэта толькі пару прыкладаў. Навошта рэжым дапускае зліццё?

— Новая хваля рэпрэсій, якую мы назіраем зараз, патрэбная для таго, каб запалохаць людзей максімальна і загнаць у стан поўнай бездапаможнасці. Рэжыму выгодна мець грамадства, у якога ні на што няма сіл, таму нас спрабуюць пазбавіць рэсурсу для якія-небудзь дзеянняў. Гэта татальнае запалохванне, маўляў, глядзіце, што адбываецца з палітвязнямі — тое ж самае можа адбыцца і з вамі, і з тымі, каго вы любіце, калі будзеце рыпацца. Маўляў, мы — моцныя і здольныя на ўсё, а вам няма куды дзецца.

Бабарико и другие политзаключённые. Как реагировать на ужасы из тюрьмы
Настроі ў Беларусі / Еўрарадыё

Чым больш мы носім усё ў сабе, тым больш прагрэсуе гэты стан татальнага бяссілля. Важна дазваляць сабе злавацца, калі вас нешта раздражняе, плакаць — калі тужліва, баяцца і прызнаваць свой страх — калі страшна.

Ну і яшчэ раз падкрэслю, вельмі важна, каб пры гэтым быў хтосьці побач. Салідарнасць падчас перажывання тых ці іншых трагічных падзей — нашыя лепшыя лекі.

Бабарико и другие политзаключённые. Как реагировать на ужасы из тюрьмы
Будынак КДБ у Беларусі / Еўрарадыё

— “Самагубства ў жывым эфіры” — так часам называюць паводзіны актыўных беларусаў, якія застаюцца ў краіне і, больш за тое, працягваюць адкрыта пісаць у сацыяльных сетках пра сваю пазіцыю. Кожны з іх у любы момант можа апынуцца за кратамі. Улічваючы ўсе страшныя навіны, якія даходзяць да нас з турмаў, ці можна зрабіць нейкую "псіхалагічную прышчэпку" тым, хто туды можа патрапіць?

— Менавіта пра гэта я размаўляла з Віктарам Бабарыкам у 2020 годзе за два дні да таго, як яго пасадзілі. Я тады падарыла яму кнігу філосафа і псіхолага Віктара Франкла “Сказаць жыццю "Так!" [прайшоўшы нацысцкія лагеры смерці, аўтар адкрыў мільёнам людзей усяго свету шлях спасціжэння сэнсу жыцця нават у вельмі складаных сітуацыях. — Еўрарадыё].

Мы можам быць гатовыя да нейкіх падзеяў, можам быць негатовыя. Пры гэтым, калі рызыка вялікая, рыхтавацца неабходна. Хоць першае, што трэба рабіць — не дазваляць сабе апынуцца ў такой сітуацыі. Трэба клапаціцца пра сябе, сваю бяспеку.

Ведаю дакладна, што тыя, хто псіхалагічна і ментальна гатовыя да таго, што іх могуць пасадзіць, спраўляюцца з такімі сітуацыямі лепш, таму што яны ідуць на рызыку свядома — калі не ў поўнай меры, то хаця б зважаючы на гэта.

Яны прымаюць на сябе адказнасць за сваё рашэнне і робяць усё магчымае, каб справіцца. Вось гэта самае важнае. Так, яны не могуць адказваць за дзеянні іншых людзей у той жа турме, за тое, што да іх могуць учыніць, але робяць усё, што ад іх залежыць, каб вытрымаць выпрабаванне. Мы адказваем за сябе і за тое, як рэагуем на тое, што адбываецца.

Напрыклад, я асабіста ведаю, што Віктар Бабарыка дакладна разумеў рызыкі. Я была ў штабе і часам задавала яму пытанні, якія для мяне былі важныя. Мне хацелася зразумець, што гэта за чалавек, за якога я ўпрагаюся, груба кажучы, і рызыкую, у тым ліку сваім жыццём і бяспекай.

Бабарико и другие политзаключённые. Как реагировать на ужасы из тюрьмы
Віктар Бабарыка за кратамі / Архіў палітыка

— Прайшло некалькі гадоў, а ты працягваеш яго падтрымліваць. Чаму?

— Падтрымліваю і буду падтрымліваць, але калі здарыцца штосьці, што я палічу непрымальным, буду першай, хто будзе яго крытыкаваць.

Па нашых размовах і яго паводзінах у 2020-м годзе, магу сказаць, што гэта той чалавек, які ў маім уяўленні сапраўды вельмі псіхалагічна здаровы, наколькі гэта магчыма ў сітуацыі, у якой мы ўсе знаходзіліся. Гэта той чалавек, які мае неверагоднае змесціва розуму, такту, вытрымкі, разумення сябе, разумення іншых людзей і гатоўнасці слухаць іх. Яго фігура — сапраўднае ўвасабленне нашага калектыўнага запыту на здаровага кіраўніка, які можа атрымаць велізарную ўладу і з ёй годна справіцца.

Бабарико и другие политзаключённые. Как реагировать на ужасы из тюрьмы
Віктар Бабарыка і Наталля Скібская ў 2020 годзе / Архіў псіхолага

— Давай пра эмоцыі, якія нельга трымаць у сабе. Як ты сама адрэагавала на навіну пра тое, што Віктар Дзмітрыевіч нездаровы і ўжо некалькі дзён ніхто не ведае, дзе ён?

—  Я планавала паплакаць, але ў мяне няма слёз. У мяне ёсць дзікая рашучасць і дзікая злосць. Кажу тое, што адчуваю.

Я дастала лісты, якія ён мне пісаў. Сяджу і перачытваю. Я моцна адчуваю ў ім чалавечнасць. Проста мноства праяў! Чалавек, які прыляпляе на ліст жанчыне, якую, можа, нават не памятае, стыкер коціка. Нават перабываючы ў зняволенні і разумеючы, што яго будзе чытаць цэнзар, ён знаходзіць магчымасць выказаць свае эмоцыі праз вельмі важныя словы. А яшчэ гэта неверагодна мудры, добры і моцны чалавек. Я вельмі ў яго веру і малюся за яго. Спадзяюся, усё з ім будзе добра. Я вельмі хачу, каб так было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі