Апублікаваны спіс экс-сілавікоў, якіх Лукашэнка пазбавіў званняў

Сярод пазбаўленых званняў і капітан міліцыі запасу Ягор Емяльянаў / www.instagram.com/jeghor 
Сярод пазбаўленых званняў і капітан міліцыі запасу Ягор Емяльянаў / www.instagram.com/jeghor 

На Нацыянальным прававым партале з'явіўся спіс экс-сілавікоў, якіх Аляксандр Лукашэнка пазбавіў воінскіх і спецыяльных званняў.

Адпаведны ўказ кіраўнік дзяржавы падпісаў 4 траўня. У абгрунтаванні гэтага рашэння гаварылася, што падчас абвастрэння грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі асобныя вайскоўцы і сілавікі "нагняталі пратэстныя настроі ў грамадстве, арганізоўвалі і ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, размяшчалі ў сетцы Інтэрнэт экстрэмісцкія матэрыялы", здзяйснялі шэраг іншых правін. Такімі дзеяннямі, на думку ўлады, яны дыскрэдытавалі "гонар і годнасць вайскоўца і супрацоўніка".

У спісе больш за 80 прозвішчаў. Гэта вайскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і прадстаўнікі іншых сілавых ведамстваў. Сярод іх ёсць тыя, хто заявіў аб сваёй нязгодзе з дзеяннямі ўладаў пасля выбараў, але ёсць і паслядоўныя крытыкі рэжыму.

Звання, у прыватнасці, пазбаўлены экс-начальнік ДАІ Сяргей Маслоўскі, якога затрымалі на адным з маршаў і каля месяца пратрымалі на Акрэсціна. Званне капітана міліцыі пазбаўлены і былы супрацоўнік РУУС Заводскага раёна Мінска Дзмітрый Кулакоўскі. Ён таксама пабываў на Акрэсціна. Пра тое, у якіх жудасных умовах адбывалі пакаранне былыя сілавікі, распавядаў Зміцер Дашкевіч.

Звання падпалкоўнік міліцыі запасу пазбаўлены Станіслаў Лупаносаў — адзін з былых супрацоўнікаў ГУБАЗіК, які перадаваў інфармацыю групе былых сілавікоў. У канцы 2020-га ён звольніўся і з'ехаў ва Украіну. Цяпер ён фігурант крымінальнай справы, яго аб'явілі ў вышук.

Званняў пазбаўлены і былы следчы Яўген Юшкевіч, а таксама экс-сілавікі — удзельнікі ініцыятывы, якую дзяржава лічыць датычнай да тэрарыстычнай дзейнасці. Гэта былыя следчыя Андрэй Астаповіч і Ігар Лобан, былы спецназавец Ігар Макар і іншыя.

Ёсць у спісе і адстаўнікі, якія крытыкавалі Аляксандра Лукашэнку і раней. У прыватнасці, сярод пазбаўленых воінскіх званняў апынуўся палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Барадач і падпалкоўнік Валерый Костка. Былы камандзір брыгады спецназа ў Мар'інай Горцы Барадач і працаўнік КДБ Костка ўваходзілі ў грамадскую камісію па расследаванні знікнення экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.

Пазбаўлены спецыяльнага звання і падпалкоўнік міліцыі запасу цяперашні старшыня АГП Мікалай Казлоў.

Поўны спіс сілавікоў, пазбаўленых воінскіх званняў, можна ўбачыць тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі