Андрэй Дзмітрыеў стаў падазраваным па крымінальнай справе — Следчы камітэт

Андрэй Дзмітрыеў / З архіву Еўрарадыё
Андрэй Дзмітрыеў / З архіву Еўрарадыё

Палітык і грамадскі дзеяч, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Дзмітрыеў — падазраваны па крымінальнай справе. Артыкул — "арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх" (арт. 342 КК). "Канчатковую прававую ацэнку" дзеянням Дзмітрыева Следчы камітэт абяцае даць па выніках расследавання.

Па версіі СК, "устаноўлена датычнасць да экстрэмісцкай дзейнасці", таму Андрэй Дзмітрыеў затрыманы. Яго называюць "экс-палітыкам". Сцвярджаецца, што Дзмітрыеў у жніўні-верасні 2020-га ўдзельнічаў у Мінску ў "вулічных беспарадках". А яшчэ следчыя падлічылі, што ён 599 разоў праязджаў праз мяжу, з іх 33 разы — пасля 2020 года. Ці ж гэта крымінал, паездкі за мяжу? Следства мяркуе, што ў Андрэя Дзмітрыева ёсць кантакты "з прадстаўнікамі Захаду і ЗША" (згадваецца Хілары Клінтан, фота з ёй цяпер у крымінальнай справе!), а гэта "можа сведчыць пра каардынацыю яго "палітычнай" дзейнасці з-за мяжы"! Нешта падобнае прыдумлялася следчымі ў Савецкім Саюзе.

Пра затрыманне Дзмітрыева стала вядома 11 студзеня. Раней ён быў кіраўніком руху "Гавары праўду", а ў 2020-м — кандыдатам у прэзідэнты РБ. Пасля выбараў працаваў над стварэннем палітычнай партыі пад назвай "Наша партыя". Нядаўна ў сацсетках апублікаваў пост з крытыкай законапраекта аб палітычных партыях і грамадскіх аб'яднаннях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі