Вы тут

Амерыканская кампанія ў абыход санкцый ЗША абараняе сайт АНТ ад хакераў

АНТ / ont.by

Амерыканская кампанія "Cloudflare" у абыход санкцый ЗША прадастаўляе сэрвісы "Content Delivery Network" і абароны ад DDoS-нападаў сайту тэлеканала АНТ. Гэта лёгка пацвердзіць, праверыўшы запісы DNS для ont.by: трафік ідзе праз Cloudflare. Таксама Cloudflare выдала сертыфікат сайта АНТ.

ONT.by выкарыстоўвае абарону Cloudflare

Бягучыя санкцыі ЗША супраць Беларусі забараняюць прадастаўленне сэрвісаў любой кампаніі, наўпрост ці ўскосна кантраляванай асобамі, якія падпадаюць пад санкцыі. У "чорным спісе" зараз знаходзяцца 17 грамадзян Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку.

Згодна з формай уласнасці, АНТ — закрытае акцыянернае таварыства "Другі нацыянальны канал". Аднак гэта ЗАТ створана у адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі (ад 15 лютага 2002 года). Фармальна старшыню праўлення ЗАТ "Другі нацыянальны канал" зацвярджае сход акцыянераў. Аднак гэта адбываецца пасля таго, як кандыдатуру топ-мэнэджара прапаноўвае Лукашэнка.

У артыкуле "Вікіпедыі" пра АНТ сказана, што ўладальнікам кантрольнага пакета акцый тэлеканала з'яўляецца Міністэрства інфармацыі Беларусі (51%). Мінарытарыі — " Беларусбанк "(29%) і ТАА "Фабрыка інфармацыйных тэхналогій " (20%).

Па тлумачэнне Еўрарадыё звярнулася ў Cloudflare. Вось адказ, які мы атрымалі:

Cloudflare абавязаная выконваць усе юрыдычныя абавязацельствы, у тым ліку, правілы, якія забараняюць весці справы з асобамі, якія падпадаюць пад санкцыі. Мы лічым, што выконваем іх. Калі мы атрымліваем сцвярджэнні аб тым, што карыстальнікі нашых паслуг з'яўляюцца аб'ектамі санкцый, то расследуем гэтыя заявы. А таксама пры неабходнасці прыцягваем спецыялізаваных юрыстаў для забеспячэння пастаяннага выканання патрабаванняў.

Cloudflare — амерыканская кампанія, якая прадастаўляе сэрвісы па абслугоўванні і забеспячэнні бяспекі вэб-сайтаў па ўсім свеце. Яны працуюць як зваротны проксі для многіх сайтаў па ўсім свеце.

У " чорным спісе " ЗША цяпер знаходзяцца 17 грамадзян Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку / ukrinform

Раней у парушэнні санкцый ЗША ў дачыненні да Беларусі абвінавацілі яшчэ адну амерыканскую кампанію — "Sandvine". Перад прэзідэнцкімі выбарамі яна паставіла ў Беларусь тэхналогіі для блакавання сайтаў і мэсэнджараў. У дзень выбараў і пасля яго гэта дазволіла ўладам абмежаваць доступ да непажаданых інфармацыйных рэсурсаў.

Першапачаткова Sandvine заяўляла, што лічыць здзелку з Беларуссю этычнай. Аднак у пачатку гэтага тыдня менеджмент кампаніі памяняў сваё меркаванне і адмяніў яе.

Цяпер кампанія лічыць, што афіцыйны Мінск парушыў ліцэнзійнае пагадненне. У ім ёсць пункт аб тым, што прадукты кампаніі нельга выкарыстоўваць, калі гэта можа прывесці да парушэння правоў чалавека.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.