Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр не можа прыехаць у Мінск — у яе няма візы

Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр не можа прыехаць у Мінск — у яе няма візы

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр не можа прыехаць у Мінск, бо ў яе няма беларускай візы. Пра гэта яна распавяла ў інтэрв'ю NPR:

"З новага года я вельмі спадзявалася прызямліцца ў Мінску. Я была зацверджаная [на пасаду амбасадара] у канцы снежня Сенатам. Але на сёння мне яшчэ не атрымалася прыехаць у Мінск. ЗША, са свайго боку, гатовыя. Я была гатовая, і мы чакаем ад беларускага боку адпаведных дзеянняў", — сказала Фішар.

Нягледзячы на гэта, амбасадарка не збіраецца сядзець склаўшы рукі: "Я збіраюся паехаць у Вільню і ў Варшаву, дзе буду наўпрост узаемадзейнічаць з тымі саюзнікамі, якія падзяляюць нашу заклапочанасць падзеямі ў Беларусі". У планах Джулі Фішар — сустрэча са Святланай Ціханоўскай і яе камандай.

Амбасадарка кажа, што, "ўлічваючы тое, як прайшлі выбары ў жніўні мінулага года", яна сумняецца ў тым, што Лукашэнка — легітымны кіраўнік Беларусі. "Не можа быць сумневу, што Аляксандр Лукашэнка застаецца пры ўладзе і кантралюе ўрад у Беларусі. Але ёсць розніца паміж легітымнасцю і ажыццяўленнем улады", — дадае яна.

16 снежня 2020 года Сенат Кангрэса ЗША зацвердзіў кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду новага амбасадара ў Мінску. Рашэнне было прынята аднагалосна. Але Беларусь і ЗША пакуль так і не рэалізавалі план па абмене амбасадарамі, складзены напачатку 2020 года. Больш за тое: Алег Краўчанка, прызначаны амбасадарам Беларусі ў ЗША, за час узгаднення фармальнасцяў і палітычнага крызісу, які пачаўся пасля прэзідэнцкіх выбараў, памёр, так і не дачакаўшыся пераезду ў Вашынгтон.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі