Вы тут

Амбасадар Украіны злавіў тэлеканал СТБ на хлусні

Ігар Кізім / Еўрарадыё

Амбасадар Украіны Ігар Кізім пракаментаваў у Фэйсбуку тэлесюжэт Юліі Арцюх на СТБ, прысвечаны яму.

Арцюх згадала Кізіма ў сюжэце, прысвечаным пікету, які прайшоў каля амбасады 23 сакавіка. На пікеце ў амбасадара спыталіся наконт адэскай трагедыі 2 траўня 2014 года. Версіі адказу Кізіма ў яго самога і ў Арцюх — розныя.

"Але адкрыта хлусіць пра тое, што я казаў на мітынгу прарасійскіх актывістаў каля амбасады тыдзень таму, — гэта перабор. Каб пазбегнуць лішніх тлумачэнняў, я пакажу частку відэа з мітынгу перад пасольствам, дзе, як яна сцвярджае, я адказваючы на пытанне аб трагедыі, якая адбылася ў Адэсе 2 траўня 2014 года, сказаў, "што там гарэлі не людзі, а каларады і ватнікі, таму шум падымаць не трэба". Насамрэч там журналіст і камера СТБ былі, і яны рабілі рэпартаж, але чамусьці яны нічога не паказалі, каб "дапоўніць" яе словы фактамі, на якія яна, нібыта, абапіраецца. Раблю гэта за іх, каб яшчэ раз сказаць: не спекулюйце на гэтай трагедыі, на нашым болю, які адбыўся ў Адэсе праз спробы Крамля ўсталяваць там "рускі свет". Мы разбярэмся, і вінаватыя будуць пакаранныя, як будуць пакараныя і тыя, хто збіў малазійскі Боінг МН-17, хто развязаў вайну на ўсходзе Ўкраіны, хто захапіў Крым і г.д.", — піша дыпламат.

На відэа, якое ён далучыў да допісу, чуваць яго адказ пра трагедыю ў Адэсе: "Хто быў вінаваты, той і адкажа — не турбуйцеся".

Кізім нагадвае, што нядаўна Юлію Арцюх унеслі ва ўкраінскую базу "Міратворац". 

Ён звяртаецца да кіраўніцтва СТБ з прапановаў трымаць марку журналіста. "Будзьце беларусамі, сябрамі Украіны і сумленнымі перад самімі сабой. І тады нават шматдзетным мамам, якія сёння так старанна спрабуюць даказаць на СТБ, што дыктатура гэта добра, а ва Украіне ўсё дрэнна, не будзе сорамна глядзець у вочы сваім дзецям, каб тлумачыць, навошта трэба было так нахабна хлусіць", — дадае амбасадар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.