Вы тут

Амбасадар Украіны: нашых дальнабойнікаў фактычна ўзялі ў закладнікі

Ігар Кізім / Еўрарадыё

Украінскіх дальнабойнікаў у Беларусі фактычна ўзялі ў закладнікі, каб "абмяняць" іх на беларускіх. Пра гэта заявіў амбасадар украіны Ігар Кізім, каментуючы "спецаперацыю" беларускага КДБ.

"Атрымалася так. Украінскія прадстаўнікі аўтаперавозчыкаў вялі перамовы з расійскімі пра ўзаемны абмен кіроўцаў, якія апынуліся ў Расіі (украінскія) і ва Украіне (расійскія). Была дасягнутая дамоўленасць пра тое, што месцам "абмену" будзе памежны пераход у Брэсце. Аўтобус з украінцамі прыедзе туды праз Беларусь, а з расійскімі з Украіны — праз Польшчу.

І тут пачалася "спецаперацыя". Калі расіяне перасеклі мяжу і апынуліся ў Беларусі, беларускія памежнікі не выпусцілі ўкраінскіх і паставілі ўмову, што выпусцяць іх толькі ў "абмен на сваіх". Пасялілі іх у асобным вагоне і выставілі ахову вакол. Гэта значыць фактычна ўзялі ў закладнікі ўкраінскіх кіроўцаў. Ці самім прыйшло ў галаву, ці сумесна з расіянамі — гэта ўжо не важна. Важна тое, што было яшчэ раз паказана, што тэрыторыя Беларусі небяспечная для ўкраінцаў (дарэчы, да пытання пра магчымае месца мірных перамоваў). Бо калі б абмен адбываўся, напрыклад, на мяжы Расіі з Латвіяй, то такой сітуацыі не ўзнікла б. Вядома, усё завяршылася (хоць і з затрымкай, якой магло б, дарэчы, і не быць), і добра, што ўсе апынуліся з сем'ямі. З КДБ або без КДБ — гэта ўсё роўна здарылася б", — напісаў украінскі дыпламат.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў супрацоўнікаў КДБ за "спецаперацыю" па вызваленні беларусаў ва Украіне. КДБ падрыхтаваў спецыяльны фільм пра гэтыя падзеі. Смерць двух кіроўцаў ад расійскага ракетнага абстрэлу беларускія ўлады ўпарта спіхваюць на ўкраінцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.