Амаль 20 гадоў на чацвярых — вынеслі прысуд групе палітзняволеных анархістаў

Аляксандр Бялоў, Арцём Дзмітрыевіч Салавей, Арцём Сяргеевіч Салавей, Яўген Рубашка / Фота з сацсетак
Аляксандр Бялоў, Арцём Дзмітрыевіч Салавей, Арцём Сяргеевіч Салавей, Яўген Рубашка / Фота з сацсетак

У Мінскім абласным судзе ў пятніцу вынеслі прысуд анархістам Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю і Арцёму Сяргеевічу Салаўю. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы. 

Іх прызналі вінаватымі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскіх парадак (ч.1 арт. 342 КК РБ) і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання (ч.3 арт. 361-1 КК РБ). Чацвярым фігурантам — Бялову, Рубашку і Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пяці гадоў калоніі агульнага рэжыму. Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 гады калоніі.

Суд над імі пачаўся 29 сакавіка. Але падрабязнасці працэсу невядомыя — па хадатайстве пракурора пасяджэнні праходзілі ў закрытым рэжыме. Аднак праваабаронцы даведаліся, што казаў у апошнім слове адзін з абвінавачаных — праграміст Яўген Рубашка. Абвінавачванне ён назваў абсурдным і няслушным. Ён паспрабаваў растлумачыць, што анархізм — гэта зусім не звяржэнне дзяржаўнага ладу і распальванне сацыяльнай варожасці, для яго гэта "салідарнасць і ўзаемадапамога, асабістая і калектыўная свабода і адказнасць, непрыняцце прыгнёту ў яго шматлікіх формах".

"Як анархіст я 10 гадоў карміў на вуліцах Мінска безгаспадарных людзей, а таксама тых, хто жыве ў нястачы, да якіх "сацыяльнай дзяржаве" няма справы, у адрозненне ад ваенных парадаў. Як анархіст я ўдзельнічаў у розных адукацыйных, сацыяльных і экалагічных праектах. Як анархіст я паспрыяў захаванню сквера Котаўка ў Сельгаспасёлку", — казаў у судзе Рубашка. І гэта менавіта тыя "экстрэмісцкія дзеянні", якія ён лічыць "праявамі сваіх анархісцкіх поглядаў".

Рубашка перакананы, што "апошняе слова не будзе сказанае да таго часу, пакуль усе (палітвязні) не будуць вольныя!"

Усіх фігурантаў гэтай справы праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі