Вы тут

Аляксандр Лукашэнка прыняў адстаўку Віктара Шэймана

Віктар Шэйман / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка прыняў адстаўку 63-гадовага Віктара Шэймана, паведамляе БЕЛТА. З 2013 года ён быў кіраўніком Упраўлення справамі прэзідэнта. Раней займаў пасады сакратара Саўбеза, генеральнага пракурора, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, памочніка кіраўніка дзяржавы, доўга "курыраваў" супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі і Лацінскай Амерыкі (а цяпер будзе перадаваць гэтыя справы ўраду). Гэта адзін з найбольш прыбліжаных да Аляксандра Лукашэнкі чыноўнікаў.

"Ты шмат разоў пісаў рапарт аб сыходзе ў адстаўку, — гаварыў Лукашэнка падчас сустрэчы з Шэйманам у Палацы Незалежнасці. — Я не згаджаўся з гэтым. Але я разумею, што калісьці час прыходзіць, табе хапіла ў жыцці".

Аляксандр Лукашэнка пасля дадаў, што шчыра ўдзячны яму "за ўсё, што зроблена". "Мы знойдзем час сустрэцца для таго, каб я яшчэ раз падзякаваў табе", — сказаў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што на сённяшні дзень Віктар Шэйман генерал-палкоўнік — гэта самае высокае вайсковае званне ў Беларусі.

"Далёка не сыходзь, — гаварыў Шэйману Лукашэнка. — Бачыш, якая сітуацыя вакол Беларусі. Не дай бог нам з табой яшчэ ўзяць аўтамат у рукі і абараняць краіну".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.