Алексіевіч папрасіла ЕС не забараняць уезд беларусам

Святлана Алексіевіч / EastNews

Святлана Алексіевіч заклікала Літву і іншыя краіны Еўрасаюза не абмяжоўваць ўезд для беларусаў, піша DELFI.

Нельга вінаваціць грамадства за тое, што рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Расію, мяркуе Алексіевіч.

Вядома, уся краіна запоўненая расійскай зброяй, танкамі, самалётамі, але ж Беларусь іх не прымала, гэта не яе сябры — яна акупаваная тэрыторыя.

З 19 верасня ў Літве, Латвіі, Эстоніі і Польшчы дзейнічае забарона на ўезд для расійскіх турыстаў праз знешнія межы Еўрапейскага Саюзу. Міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайце сказала, што магчыма ўвядзенне такіх жа абмежаванняў для турыстаў з Беларусі.

Думаць, што праз гэта яны стануць рэвалюцыянерамі, наіўна, — кажа Алексіевіч. — Не стануць яны рэвалюцыянерамі, а жыццё ў іх стане цяжэй. Пацерпіць шмат людзей, якія былі са мной на маршах пратэсту, ім цяпер складана атрымаць візу, вучыцца.

На гэтым тыдні ў Каўнасе Святлане Алексіевіч уручылі рэгаліі ганаровага доктара універсітэта ім. Вітаўтаса Вялікага. Таксама яна ўдзельнічала ў фестывалі "Каўнаскі літаратурны тыдзень".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.