Вы тут

Алег Віннік і Эліна Івашчанка зніклі з афішы "Славянскага базару"

Алег Віннік і Эліна Івашчанка не паедуць на "Славянскі базар"

Яшчэ двое ўкраінскіх артыстаў: Алег Віннік і Эліна Івашчанка — зніклі з праграмы "Славянскага базару ў Віцебску". Яны павінны былі выступаць на ўрачыстым закрыцці фестывалю, але іх імёнаў больш няма ў афішах, пішуць "Народныя навіны Віцебска".

У 2020 годзе Івашчанка прадстаўляла Украіну ў конкурсе маладых выканаўцаў і заняла першае месца. А таксама атрымала заснаваную Лукашэнкам прэмію "Славянская надзея".

Ні ва ўкраінскай прэсе, ні на старонках Алега Вінніка і Эліны Івашчанка ў сацсетках у Еўрарадыё не атрымалася знайсці паведамленняў пра тое, што артысты адмовіліся ад выступу ў Віцебску.

Алег Віннік і Эліна Івашчанка

Разам з тым, у праграме гала-канцэрта падчас урачыстага закрыцця "Славянскага базару ў Віцебску" з'явіліся і новыя імёны. Гэта расійскія артысты Ігар Карнялюк, Мікалай Наскоў і Аляксандр Панаётаў.

Раней ад удзелу ў канцэртах сёлетняга "Славянскага базару" адмовіліся Наташа Каралёва, Аляксандр Буйноў і Аляксандр Іваноў з групай "Ронда". Прадстаўнік Іванова публічна пацвердзіў, што музыка не паедзе ў Віцебск з-за палітызацыі абстаноўкі. З афіш зніклі таксама расійскі комік Міхаіл Галусцян і ўкраінская спявачка МARUV (яна павінна была стаць хэдлайнерам фестывалю).

 Да гэтага часу не вырашана пытанне з украінскім вядучым. Пасля адмовы Цімура Мірашнічэнкі прадстаўляць сваю краіну на "Славянскім базары" на фестывалі павінен быў працаваць Андрэй Даманскіх. Але і ён адмовіўся ехаць у Віцебск.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.