"Ахоўнікі жартуюць пра х**": звольнены рабочы з МАЗа — пра суткі ў ізалятарах

Экс-МАЗавец Сямён Фядотаў / Еўрарадыё
Экс-МАЗавец Сямён Фядотаў / Еўрарадыё

Рабочы галоўнага канвеера МАЗа Сямён Фядотаў, якога адным з першых звольнілі з прадпрыемства за ўдзел у забастоўцы, 1-га верасня паспеў напісаць пра сваё затрыманне. Пасля гэтага сувязь з ім знікла. Наступныя некалькі дзён мужчына правёў у мінскім і жодзінскім ізалятарах — яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.

1-га верасня мяне забралі "ціхары" насупраць галоўнай прахадной МАЗа. Павезлі ў Заводскае РУУС, тады ж адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна, а 2-га верасня быў суд па скайпе, пасля суда мяне перавялі ў ЦІП. Падчас суда я паспеў зрабіць скрыншоты і адправіў іх у Instagram.

“Охранники шутят про х**”: уволенный рабочий с МАЗа — про сутки в изоляторах
Скрыншот, зроблены падчас адміністрацыйнага працэсу
“Охранники шутят про х**”: уволенный рабочий с МАЗа — про сутки в изоляторах
Пастанова аб арышце / Еўрарадыё

У ЦІПе на Акрэсціна Сямён сустрэўся з затрыманай на той момант Вольгай Кавальковай.

3-га верасня нас пастроілі на першым паверсе ў ЦІПе для адпраўкі ў Жодзіна. Там жа стаяў лідар стачкама МТЗ [Сяргей Дылеўскі. — Еўрарадыё], а насупраць прыёмнай я ўбачыў Вольгу Кавалькову.

На гэтым жа паверсе размяшчалася камера з дзяўчатамі. Адной з іх стала дрэнна — каму дакладна, я не бачыў. Наглядчыкі адмовіліся выклікаць ёй хуткую, спаслаўшыся на тое, што яна псіхічна хворая. Нас, затрыманых, на той момант было 30 чалавек, і мы вырашылі падчас пастройкі нікуды не сыходзіць, пакуль не прыедзе хуткая, — распавядае Еўрарадыё Сямён. — Тады адзін з наглядчыкаў занерваваўся і прагаварыўся, што ў ізалятары на Акрэсціна 9-10-га чысла было 1000 чалавек, прытым што ён відавочна можа змясціць менш. Мы ўсё ж "з'ехалі" да прыезду хуткай.
 

Рэшту "сутак" мужчына даседжваў у Жодзіне.


На Акрэсціна наглядчыкі вельмі ветлівыя, як быццам баяцца расправы за 9-11 чысло. А ў Жодзіне наогул свая атмасфера: ахоўнікі ўвесь час жартуюць пра х**, і на іх пастаянна крычыць іх начальнік маёр Лагун. У яго нервы былі на мяжы, таму што ў суседняй камеры хтосьці зладзіў галадоўку з-за таго, што ім працягвалі суткі і не выдавалі перадачкі.

У камеры я пазнаёміўся з рознымі людзьмі — 58-гадовым мужчынам, якому ставілі ў віну супраціў пры затрыманні, і мужчынам, якога забралі ў Жодзіна за тое, што ён здымаў на тэлефон калону пратэстоўцаў.

Сямён Фядотаў кажа, што не звяртаўся ў фонды, створаныя для падтрымкі звольненых рабочых, і ніякай дапамогі ад іх не атрымліваў, а ў той жа дзень, калі яго вызвалілі, уцякаў ад АМАПу падчас вулічнай акцыі. Хлопец выходзіць пратэставаць пераважна ў Шабанах, дзе жывуць многія працоўныя Мінскага аўтазавода.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі