Вы тут

Афіцыйныя прафсаюзы: выраслі цэны на крупы, дзіцячыя кашы, цукар, гарбату

ФПБ заўважыла рост цэн у крамах / pixabay.com

Ад пачатку года ўбеларускіх крамах істотна падаражэлі некаторыя крупы, дзіцячыя кашы, цукар, кандытарскія вырабы. Пра гэта заяўляе афіцыйная Федэрацыя прафсаюзаў, якая маніторыць кошты ў крамах. 

"З 1 студзеня ў беларускіх крамах сур'ёзна падаражэлі некаторыя крупы, больш за ўсё — манка (на 16,8%) і пшаніца (19,2%). Таксама ўзляцелі цэны на кашы для дзіцячага і дыетычнага харчавання (на 49%), цукар (на 48,2%), кандытарскія вырабы (на 30,2%), рыс (на 29,1%), маргарын (на 25,2%), гарбату чорную байхавую (на 25,1%), сокі (на 22,3%) і некаторыя іншыя тавары", — гаворыцца ў паведамленні ФПБ.

Пры гэтым амаль не змяніўся з пачатку года кошт кураціны, а гуркі, соль і жывая рыба патаннелі на 62,5%, 5,2% і 14% адпаведна.

Прафсаюзныя правяральшчыкі заўважылі таксама знікненне з продажу некаторых тавараў, якія "не карыстаюцца попытам у пакупнікоў". У якасці прыкладу яны называюць жывую рыбу.

У ФПБ адзначаюць, што кошты на тавары ў разных абласцях адрозніваюца. "Напрыклад, у Мінску цэны на локшыну падскочылі аж да 29,4%, хоць сярэдні рост па рэспубліцы, нагадаем, 8,7%. Падобная карціна ў сталіцы па цытрусавай садавіне, якая падаражэла на 21,5% (у сярэднім па краіне на 6,6%), і па сасісках вышэйшага гатунку, якія падаражэлі на 12,7% (у сярэднім па рэспубліцы на 2,6%)", — кажуць у прафсаюзах.

У Віцебскай вобласці выраслі цэны на тавары, якія ў сярэднім па краіне сталі таннейшымі. "Напрыклад, цана перцу салодкага вырасла на 7,6% (у сярэднім па рэспубліцы ўпала на 6,1%), аўсяных шматкоў — на 6,1% (упала на 4, 6%), жывой рыбы — на 1% (упала на 16%)", — пералічваюць у прафсаюзах вынікі маніторынгу.

У ФПБ нават падлічылі, колькі каштуе спажывецкі кошык у розных абласцях. Розніца паміж Магілёўскай вобласцю і Мінскам склала 57 рублёў:
 
Брэсцкая вобласць — 820 рублёў;
Віцебская вобласць — 820,1 рубля;
Гомельская вобласць — 798,7 рубля;
Гродзенская вобласць — 808,5 рубля;
Мінская вобласць — 810,2 рубля;
Магілёўская вобласць — 783,9 рубля;
Мінск — 841,2 рубля.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.