Вы тут

Афіцэр запасу: "Рыхтавалі дайсці да Ла-Манша, а да вайны Расіі з Украінай — не"

Афіцэр запасу, які служыў ва Украіне, Беларусі і Расіі, расказаў Еўрарадыё пра натоўпы добраахвотнікаў у ваенкаматах і кветкі ў бамбасховішчы / фота з асабістага архіва суразмаўцы

Палкоўнік у адстаўцы, кіяўлянін Ігар Спектар рыхтаваўся да вайны яшчэ 40 гадоў таму. Тады ён лёгка мог уявіць вайну СССР з "калектыўным Захадам". Яшчэ прасцей — вайну СССР з Кітаем. А вайну Расіі з Украінай — не.

— Так, у Савецкай арміі нас рыхтавалі да вайны. Чакалі, што пракляты Захад нападзе, а мы будзем абараняць сваю краіну і дойдзем да Ла-Манша. Потым рыхтаваліся да нападу Кітая. Я добра памятаю танкі уздоўж берага Амура, якія чакалі наступу. А вось вайну паміж Украінай і Расіяй ніхто ўявіць не мог.

 

Ігар Спектар / фота з асабістага архіва суразмоўцы

У 80-х Ігар Спектар служыў у беларускім Бабруйску. Праз сорак гадоў ён прачнецца ў Кіеве пад гукі выбухаў. Праз некалькі гадзін па тэлевізары скажуць, што Беларусь адкрыла мяжу для расійскай тэхнікі, крыху пазней — што і сама беларуская армія вось-вось уварвецца ва Украіну.

Еўрарадыё гаворыць з Ігарам Леанідавічам у чацвёрты месяц вайны. Сёе-тое змянілася: яго суседзі ўжо не сядзяць у падвалах, хоць на ўсялякі выпадак яшчэ капаюць пограбы на дачы. Але сёе-тое засталося ранейшым: па тэлевізары ўжо паказваюць нашмат больш за адзін канал. Але ўсё яшчэ кажуць, што беларуская армія можа вось-вось уварвацца ва Украіну.
 

"Народ ліхаманкава хапаў што было і бег у ваенкамат"

— У першыя дні вайны вы напісалі ліст сябру, з якім служылі ў Беларусі. Расказалі яму, як для вас пачалася вайна. Раскажыце і нам.

— Мяне разбудзіла жонка. Усе грукатала. Уключылі тэлевізар. Пасля мы пачулі баі за Гастомель, пабачылі дым. Гарэлі гастомель і Буча.

Вайна ідзе дзявяты год [у 2014 годзе пачаўся канфлікт на Данбасе — Еўрарадыё]. Любы нармальны чалавек чакаў, што будзе эскалацыя канфлікту на ўсходзе. Але ніхто не чакаў нападу на Кіеў.

Транспарт не хадзіў. Машыны памчаліся на выезд з горада. Да гэтага ўвесь тыдзень нагняталі атмасферу, так што нехта вайну сустрэў ужо на чамаданах.

У першыя дні былі праблемы з хлебам. У краме кажуць: не сыходзьце, зараз падвязуць. І прывозяць: толькі не машыну хлеба, а тачку. Але трэба аддаць уладзе належнае: ужо праз некалькі дзён у крамах усё было.

У першыя ж дні з'явіліся і валанцёры, якія сваімі машынамі падвозілі хлеб проста да дамоў і бясплатна яго раздавалі. Такія ж валанцёры скрынямі неслі ваду і цыгарэты хлопцам, якія стаялі на блокпастах.

Тады ж натоўпы людзей пабеглі ў апалчэнне. Беглі і тыя, хто меў ільготы, хто быў вызвалены ад прызыву ў войска. Людзі гатовыя былі плаціць хабар, толькі б іх прызвалі.

— Звычайна плацяць, каб не прызывалі.

— Так, і так было заўсёды. А цяпер гатовыя былі плаціць, толькі каб узялі ў войска. Народ ліхаманкава хапаў што было і бег у ваенкамат.

А тым часам хлопцы ў мяне ў двары збіралі бутэлькі [для вырабу кактэйляў Молатава — Еўрарадыё], складалі іх там жа, у двары, цэлымі скрынямі. Нам жа абяцалі плаціць за кожны падбіты рускі танк [смяецца].

— Вы ведалі, што рабіць, калі загулі першыя сірэны?

— Усе ведалі: трэба бегчы ў падвал. Няма падвала — бяжы ў найбліжэйшую школу ці ў метро. Падвалы абсталяваны не былі, ужо потым кожны сцягваў туды з кватэр усё што мог. Сусед прыцягнуў драбінкі, каб, калі ўваход заваліць, вылезці ў акно. А гаспадыня кветкавай крамы прынесла ў наш падвал кветкі. І не толькі ў наш.

Гаспадыня мясцовага магазіна разнесла кветкі па сховішчах / фота з асабістага архіва суразмоўцы

Памятаю, неяк я заўважыў, што знік мой зэдлік. А потым убачыў яго пасярод падвала, завалены лекамі, гарбатай, іншымі рэчамі. Хтосьці прывалок гэта туды і склаў у цэнтры — для ўсіх.

 

"Усе ведалі: трэба бегчы ў падвал. Няма падвала — бяжы ў найбліжэйшую школу ці метро" / фота з асабістага архіва суразмоўцы

А потым, калі пачалі адчыняцца крамы, людзей клікалі бясплатна забраць адтуль каўбасы і сала — каб у жыхароў, якія засталіся ў горадзе, былі прадукты.

— Цяпер у Кіеве ўсё яшчэ небяспечна? Сірэны гудуць?

— Калі нядаўна гуляў з унучкай, сірэн не было. А у тэлефоне я праграму з апавяшчэннямі адключыў, каб не раздражнялі. Каб спакойна пагуляць па Кіеве.

Помнікі архітэктуры закрытыя шчытамі. Помнік Яраславу Мудраму, як і ўсе помнікі, абкладзены пяском.

Але Кіеў ажыў. У нас быў адзін нафтаперапрацоўчы завод у Крамянчугу. Яго раздзяўблі, бензіну няма — а машыны ўсё роўна ездзяць. І людзі гуляюць. Людзі стаміліся чакаць сірэн. Хоць на дачы суседзі на ўсялякі выпадак капаюць пограбы. Памятаюць, што яшчэ нядаўна на нашы дачы падалі абломкі ракет.
 

"Крыўдна, што з таварышаў па службе на прарасійскіх пазіцыях стаяць менавіта ўкраінцы"

— Вы ўкраінец, шмат гадоў служылі ў Беларусі, у савецкай арміі. А ў размовах з калегамі нацыянальнае пытанне ўсплывала?

— Калі я быў камандзірам роты, у мяне было шмат салдат з Каўказа. Яны адзін з адным нават не размаўлялі. Пастаянна біліся, пастаянна ваявалі. Армяне, азербайджанцы. Увогуле, адносіны ўнутры Саюза былі вельмі напружанымі. Тая ж Прыбалтыка ўжо тады казала, што захопленая, што акупаваная.

А вось пра расійска-ўкраінскі канфлікт і гаворкі не было. Хоць цяпер я разумею, што і тады да ўкраінцаў ставіліся як да малодшага брата. Нібы "не зусім роўныя рускім". Але не, у асабістым зносінах гэта не выяўлялася. Ды і наогул я габрэй, а не ўкраінец, так што адчуваў, хутчэй, гэта.

Ігар Спектар на фоне Сцяны Плачу / фота з асабістага архіва суразмоўцы

 

— З пачаткам вайны вы страцілі многіх сяброў з былых таварышаў па службе?

— З тымі, хто стаіць на прарасійскіх пазіцыях, я не маю зносін з 2014 года. Яшчэ тады многія паказалі сваю пазіцыю: маўляў, мы, украінцы, дурні і мярзотнікі. Ведаю, што некаторыя агульныя сябры яшчэ спрабуюць з імі перапісвацца. А потым пераказваюць мне: вось гэты на баку Расіі, і гэты таксама.

Так, сярод тых, хто жыве цяпер у Расіі, ёсць тыя, хто заўзята стаіць на прарасійскіх пазіцыях. Але самае крыўднае — гэта выхадцы з Украіны. Сур'ёзна, калі казаць пра маіх былых калег, то рускія падтрымліваюць нас нашмат больш, чым украінцы.

Ці то яны спрабуюць паказаць адданасць рэжыму, ці то так добра працуе ў Расіі сістэма агітацыі. А яна ж сапраўды добра працуе, расійская прапаганда многае садрала ў Гебельса. Напрыклад, прынцып "Хлусня, паўтораная шмат разоў, становіцца праўдай".

І прапаганда расказвае, паўтарае шмат разоў, што ва Украіне жывуць нацысты, што ва Украіне нельга гаварыць па-руску. І людзі гэтаму вераць.

— Вам "нацысты" забараняюць гаварыць па-руску?

— А на якой мове я з вамі размаўляю? Калі чалавек звяртаецца да мяне па-ўкраінску, размаўляю па-ўкраінску. Украінскай мовай я валодаю свабодна. Калі чалавек звяртаецца па-руску, размаўляю па-руску. З унукамі гавару па-руску. І мая жонка, украінка з Чаркаскай вобласці, са мной гаворыць па-руску.

 

Ігар Спектар ў камандзіроўцы ў Данецку / фота з асабістага архіва суразмоўцы

У Кіеве цяпер шмат рускай мовы, таму што шмат бежанцаў з рускамоўнага Харкава. Шмат бежанцаў з усходу. Усход бураць па-даросламу, а ўвесь Усход — рускамоўны. А суседзі па дачы ў нас наогул этнічныя рускія.

Часам наша тэлебачанне паказвае інтэрв'ю з салдатамі. Сярод іх ёсць хлопец-верталётчык, які атрымаў усе магчымыя ордэны Украіны. Ён таксама выступае на рускай мове.

Яшчэ прыклад. Мы з жонкай прыехалі ў Львоў. Нам экскурсавод кажа: на якой мове з вамі размаўляць: на ўкраінскай, польскай, рускай? Мы адказваем: на ўкраінскай. А ён усё роўна правёў экскурсію на рускай, падумаў, што нам так будзе прасцей.

Пакінуты ДОТ кіеўскага ўмацраёна, да якога да вайны з бліжэйшай вёсцы да святаў з бліжэйшай вёсцы рэгулярна прыносілі кветкі / фота з асабістага архіва суразмоўцы

У савецкі час ва Украіне была вельмі абрэзаная гісторыя і культура. Вялікі рускі палкаводзец Сувораў жыў у маёнтку Тульчын Вінніцкай вобласці, вялікі рускі мастак Рэпін нарадзіўся і вырас у Чугуеве Харкаўскай, усе варыянты "Запарожцаў" напісаў у Качанаўцы Сумскай. Рэшту жыцця пражыў у Фінляндыі.

Вялікі рускі хірург Пірагоў жыў у Вінніцы, там да гэтага часу застаецца яго мумія. Вялікі рускі пісьменнік Булгакаў жыў і пісаў у Кіеве. Пра Гогаля маўчу. Ці ведаеце вы, дзе пісалі музыку Чайкоўскі і Глінка? Спіс велізарны ва ўсіх абласцях.

Усе былі рускія, украінцам і габрэям пакінулі па адным-двух дзеячах — і гонар датычнасці да вялікіх рускіх. З чатырох фрэсак Рэрыха — тры ва Украіне. Дарэчы, паглядзіце на надпісы на магілах на могілках вайны 1854 года ў Севастопалі. Або ўкраінскія прозвішчы, або надпісы на іўрыце. Але горад рускай славы.

Цяпер расіяне называюць нацыстамі нас, а мы — іх. Але вы ж разумееце, што я не супраць расіян. І разумееце, колькі ў мяне знаёмых расіян.

Скіт Святагорскай Лаўры ў чэрвені згарэў падчас абстрэлаў / фота з архіва суразмоўцы Еўрарадыё

"Живий, здоров'я хороше"

— Прэстыж арміі ва Украіне за гэтыя месяцы вырас?

— У нас прэстыж арміі быў высокі і раней. Ва Украіне не вельмі давяралі міліцыі, не вельмі давяралі чыноўнікам. Я кажу як ёсць, бо ў нас афіцыйна абвешчана: ідзе барацьба з карупцыяй. А вось арміі давяралі і давяраюць.

Так што мне цяжка сказаць, ці вырас прэстыж арміі. Улічвайце, што ў нас вайна ідзе дзявяты год. Так, не было бамбёжак Кіева. Але было 8 гадоў вайны. І калі б у Данецку 8 гадоў таму армія адступіла, то Пуцін да гэтага года ўжо прыйшоў бы сюды, у Кіеў. Ды што сюды — можа, і ў Германію.

Ігар Спектар / фота з архіва суразмоўцы Еўрарадыё

— Калі б малады УСУшнік, адпраўляючыся на баявы выезд, папрасіў у вас парады як у прафесійнага вайскоўца — што б вы сказалі?

— Не лезь куды не трэба. Беражы сябе і добрасумленна выконвай свае задачы.

— Хтосьці з вашых блізкіх сяброў цяпер ваюе?

— Так.

— Што яны пішуць вам з лініі фронту?

— Давайце не будзем пра гэта. Пішуць: "Живий, здоров'я хороше. Мі справимся".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.